21 лютага студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта прынялі ўдзел у дыктоўцы, прысвечанай святкаванню Міжнароднага дня роднай мовы ў абласной бібліятэцы імя Леніна.

“Незалежнасць — гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі” – такімі словамі скончылася дыктоўка, прымеркаваная да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, у якой прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава.

У межах акцыі разам з Таварыствам беларускай мовы імя Францыска Скарыны і Віцебскай абласной бібліятэкай усе зацікаўленыя змаглі праверыць свае веды па беларускай мове, а таксама выказаць свае адносіны да беларускага слова.

IMG 4145

IMG 4082 IMG 4136
IMG 4162 IMG 4186

Традыцыйна тэкст дыктоўкі прачытаў дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук Ю.М. Бабіч, а студэнты філалагічнага факультэта не толькі прадэманстравалі высокі ўзровень валодання мовай, але і праявілі сябе як знаўцы беларускай паэзіі.

Студэнтка другога курса філалагічнага факультэта Наталля Ермакова  вучылася ў беларускамоўнай школе ў Шаркаўшчынскім раёне, а ў студэнцкія гады цалкам перайшла на родную мову, паступіўшы на філалагічны факультэт ВДУ. Наталля прыйшла на мерапрыемства разам з сяброўкамі-аднагрупніцамі. Спачатку дзяўчыны прынялі ўдзел у літаратурна-музычнай вечарыне, на якой удзельнікі прачыталі вершы, прысвечаныя беларускай мове, а потым разам з усімі напісалі тэкст паводле эсэ Уладзіміра Арлова “Незалежнасць – гэта…”

— Я заўсёды размаўляю па-беларуску, моцна люблю сваю краіну і мову, імкнуся папулярызаваць яе. Для мяне гэта сэнс жыцця, таму і вырашыла далучыцца да агульнай дыктоўкі. Для мяне натуральна – размаўляць так, як гэта рабілі нашы продкі, выбітныя пісьменнікі, вядомыя нават за межамі краіны. Хачу, каб гэта стала штодзённым для ўсіх беларусаў, – адзначыла Наталля.

Імпрэзу ўпрыгожылі яшчэ выступы фальклорнага калектыву педагагічнага факультэта ВДУ імя Машэрава “Вясёлка” пад кіраўніцтвам Ю.С. Сусед-Вілічынскай.

IMG 4255

.

@ Учреждение образования "Витебский государственный университет имени П.М. Машерова"