Телефон: +375 (212) 58-09-13

 E-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Кароткая гісторыя кафедры

Гісторыя кафедры бярэ пачатак з 1981 года, калі на філалагічным факультэце была ўтворана кафедра беларускай мовы і літаратуры. У 1992 годзе ў якасці самастойнага падраздзялення вылучана кафедра беларускай мовы. З верасня 2002 года кафедра мае сучасную назву.

У цяперашні час на кафедры працуюць 1 прафесар, доктар філалагічных навук, 7 дацэнтаў, 2 старшыя выкладчыкі, 1 спецыяліст па суправаджэнні вучэбнага працэсу. 6 чалавек маюць вучоную ступень кандыдата філалагічных навук, 1 - кандыдата педагагічных навук.

IMG 1313

Асноўныя дасягненні кафедры

Кафедра пастаянна вядзе падрыхтоўку падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі і вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. З 2000 года на кафедры выйшла звыш 60 вучэбна-метадычных выданняў, з іх 15 з грыфам Міністэрства адукацыі.

У 2012-2014 гг. быў выдадзены ўнікальны “Рэгіянальны слоўнік Віцебшчыны” ў 2 частках, які знайшоў практычнае прымяненне ў НАН Беларусі і ў сферы агульнай сярэдняй адукацыі вобласці.

Выйшлі манаграфіі “Чалавек у люстэрку беларускай фразеалогіі і парэміялогіі” А.С. Дзядовай (2013), “Беларуская ментальнасць у моўнай прасторы мастацкага тэксту” К.С. Півавар (2015).

Кафедрай арганізаваны і праведзены 3 рэспубліканскія навукова-практычныя канферэнцыі ”Беларуская мова і літаратура ў славянскім этнакультурным кантэксце” (2010, 2015, 2019), рэгіянальная (з міжнародным удзелам) навукова-практычная канферэнцыя “Навукова-метадычная думка на Беларусі”, прысвечаная 100-годдзю “Беларускай граматыкі для школ” Б. Тарашкевіча (2018).

Выкладчыкі кафедры рэгулярна выступаюць з лекцыямі і майстар-класамі перад настаўнікамі вобласці ў Віцебскім абласным Інстытуце развіцця адукацыі, працуюць у філіяле кафедры на базе СШ № 4 г. Віцебска, рыхтуюць вучняў школ і гімназій Віцебскай вобласці да ўдзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, праводзяць факультатывы для школьнікаў.

Дацэнт Ю.М. Бабіч узначальвае абласную арганізацыю Таварыства беларускай мовы.

Пачынаючы з 2015 г. кафедра выступае галоўным арганізатарам штогадовага “Фестывалю беларускага слова”, у межах якога праходзяць творчыя сустрэчы з вядомымі навукоўцамі, педагогамі, пісьменнікамі, акцёрамі, грамадскімі дзеячамі, праводзяцца канцэрты, ставяцца спектаклі, ладзяцца віктарыны.

Выкладчыкі кафедры прымаюць актыўны ўдзел у акцыі “Праз дыялог моў - да душы, да сэрца” да Дня Канстытуцыі, у факультэцкім Тыдні пазнання і творчасці з правядзеннем студэнцкай і школьнай алімпіяд па беларускай мове, а таксама ў святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы.

Па выніках працы ў 2018 годзе кафедра была прызнана найлепшай гуманітарнай кафедрай ВДУ імя П.М. Машэрава.

Міжнародная дзейнасць

Кафедра падтрымлівае кантакты з вучонымі блізкага і далёкага замежжа падчас міжнародных навуковых форумаў. У 2019 годзе выкладчыкі кафедры прынялі ўдзел у 8 міжнародных навуковых кангрэсах, канферэнцыях і семінарах, праведзеных у Расіі (Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт), Украіне (Жытомірскі дзяржаўны ўніверсітэт), Кітаі (Цяньцзінскі ўніверсітэт замежных моў) і на базе беларускіх ВНУ.

Дацэнты кафедры Г.А. Арцямёнак, Ю.М. Бабіч, Г.К. Семянькова з’яўляюцца членамі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Дацэнт Ю.М. Бабіч з’яўляецца выкладчыкам курсаў польскай мовы для насельніцтва, арганізаваных у супрацоўніцтве з Інстытутам Польскім у Мінску, пастаянна суправаджае студэнтаў падчас лінгвакраіназнаўчай практыкі ў Інстытуце неафілалогіі Зеленагурскага ўніверсітэта ў г. Зялёна Гура (Рэспубліка Польшча), кіруе працай “Цэнтра славянскіх моў і культур”. У Цэнтры праводзяцца Дні польскай мовы і культуры, сустрэчы з замежнымі дзеячамі, пісьменнікамі, творчы праект-конкурс “Мой зямляк у сусветнай культуры”, пазнавальная імпрэза “У сугуччы славянскіх моў”. Цэнтрам выпускаецца альманах “Агмень”, які знаёміць з вядомымі беларусамі замежжа.

Вучэбныя дысцыпліны

Кафедра забяспечвае выкладанне шэрагу вучэбных дысцыплін, звязаных з агульнай тэорыяй мовы і беларусістыкай: сучасная беларуская мова, гістарычная граматыка беларускай мовы, гісторыя беларускай літаратурнай мовы,  уводзіны ў мовазнаўства, агульнае мовазнаўства, гісторыя сусветнага мовазнаўства, стараславянская мова, беларуская дыялекталогія, методыка выкладання беларускай мовы, стылістыка і культура беларускага маўлення, рыторыка, стылістычнае рэдагаванне і карэктура, тэорыя маўленчай камунікацыі, інавацыйныя тэхналогіі ў мовазнаўстве і методыцы яго выкладання, гісторыя беларускага мовазнаўства, уводзіны ў славянскую філалогію, беларуская палеаграфія, этналінгвістыка, беларуская мова (прафесійная лексіка), філалагічны аналіз тэксту, параўнальная граматыка ўсходнеславянскіх моў, беларуская анамастыка, тэорыя і практыка перакладу,  кагнітыўная лінгвістыка, сучасныя напрамкі ў лінгвістыцы і інш. 

Акрамя таго, выкладчыкамі кафедры забяспечваюцца вучэбныя курсы сучасная славянская мова (польская), трэцяя замежная мова (польская), лацінская мова. 

Навуковая праца

Навукова-даследчая тэма кафедры “Беларуская мова як крыніца лінгвакраіназнаўчай інфармацыі аб дзяржаўнасці, гісторыі і культуры беларускага народа” выконваецца ў межах задання “Моўная карціна свету беларусаў і нацыянальна-культурная канцэпталогія” (№ дзяржрэгістрацыі 20160651 ад 04.04.2016) як частка падпраграмы “Беларуская мова і літаратура” дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства” на 2016-2020 гады.

Навуковы кіраўнік тэмы - Г.А. Арцямёнак, загадчык кафедры, дацэнт, кандыдат філалагічных навук.

Даследаванні, якія праводзяцца выкладчыкамі кафедры, вызначаюцца арыгінальнасцю і навуковай навізной, паколькі накіраваны на распрацоўку комплекснага аналізу духоўна-культурнага патэнцыялу беларускай мовы, вызначэнне яе камунікатыўнай ролі ў сучасным грамадстве з мэтай падрыхтоўкі аргументаваных рэкамендацый для дзейнасці дзяржаўных і грамадскіх органаў у галіне моўнай палітыкі і моўнай экалогіі. У межах навуковай тэмы ўпершыню ў айчыннай лінгвістыцы вядзецца падрыхтоўка комплекснага даведніка “Рэспубліка Беларусь: лінгвакраіназнаўчы слоўнік”, аналізуюцца моўныя і культуралагічныя асаблівасці рэгіянальных лексем, распрацоўваецца праблема беларускай лінгваментальнасці, даецца тэарэтычнае асэнсаванне корпуса лінгвакраіназнаўчай і некадыфікаванай лексікі, вызначаюцца лінгвадыдактычная значнасць і рэлевантныя для навучання мове ўласцівасці краіназнаўчых адзінак беларускай мовы ў сітуацыі білінгвізму.

Студэнцкая навука

Пры кафедры функцыянуе студэнцкі навуковы гурток “Мова ў кантэксце культуры” (навуковы кіраўнік загадчык кафедры дацэнт Г.А.Арцямёнак). Удзельнікі гуртка выступаюць з навуковымі дакладамі і паведамленнямі на канферэнцыях, публікуюць навуковыя артыкулы, бяруць удзел у рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх навуковых прац.

У 2019 годзе пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры студэнты выступілі з 39 навуковымі дакладамі і паведамленнямі на канферэнцыях, апублікавалі 41 навуковы артыкул. Па выніках рэспубліканскага конкурсу навуковых студэнцкіх прац 2019 года 4 работы атрымалі першую катэгорыю, 1 - другую катэгорыю.

Найбольш цікавыя навуковыя працы студэнтаў за апошні перыяд: «Этнакультурны змест моўных адзінак і праблемы ўкладання лінгвакраіна­знаўчага слоўніка “Рэспубліка Беларусь”» А.В. Бучкінай, «Лінгвакраіна­знаўчая рэпрэзентацыя побытавай сферы ў нацыянальнай карціне свету беларусаў» А.С. Булах, «Жарганізмы і “модныя” словы ў беларускай мове пачатку ХХІ стагоддзя: семантыка, структура, прагматыка» В.В. Гір’ятовіч.

Студэнцкія праекты

На кафедры з 2020 года рэалізуецца творча-адукацыйны інавацыйны студэнцкі праект «Пазнавальна-забаўляльная студыя “Беларусікі”». Праект разлічаны на дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Асноўныя пляцоўкі праекта - установы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі г. Віцебска і Віцебскай вобласці.

Мэта праекта - развіццё пачуцця патрыятызму праз стымуляванне цікавасці дашкольнікаў і школьнікаў да беларускай мовы, літаратуры і культуры як складнікаў гарманічнага развіцця асобы, яе камунікатыўнай кампетэнцыі і ўмовы жыццёвай паспяховасці.

Прыкладная тэматыка мерапрыемстваў: “Беларуская народная творчасць”, “Прадметы і з’явы вакол нас”, “Паэтычныя старонкі”, “Этапы нацыянальнай гісторыі”, “Беларускія стравы”, “Адгадайка”, “Нашы дасягненні”, “Што носяць беларусы”, “Спяём разам!”.

Філіял кафедры

Філіял кафедры беларускага мовазнаўства функцыянуе на базе ДУА “СШ № 4 г. Віцебска” з верасня 2015 года. Дзейнасць філіяла кафедры забяспечваюць 10 яе супрацоўнікаў, у тым ліку 7 дацэнтаў, кандыдатаў навук. Загадчык філіяла - дацэнт, кандыдат філалагічных навук А.С. Дзядова.

На базе філіяла выкладчыкі кафедры і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры праводзяць сумесныя навукова-практычныя канферэнцыі, семінары-практыкумы, кансультацыі, заняткі па методыцы выкладання беларускай мовы для студэнтаў і факультатыўныя заняткі для вучняў, арганізуюць праходжанне студэнтамі вытворчай педагагічнай практыкі. У практыку школьнага выкладання беларускай мовы і літаратуры ўкараняюцца вынікі навукова-даследчай працы выкладчыкаў кафедры і студэнтаў.

Вучні ДУА “СШ № 4 г. Віцебска” і студэнты філалагічнага факультэта ўдзельнічаюць у правядзенні сумесных культурна-адукацыйных мерапрыемстваў “Фестываль беларускага слова”, “Тыдзень пазнання і творчасці”, “Дзень беларускай паэзіі”, алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

@ Учреждение образования "Витебский государственный университет имени П.М. Машерова"