Філіял кафедры беларускага мовазнаўства быў створаны на базе ДУА “СШ № 4 г. Віцебска” ў 2015 годзе. Загадчыкам філіяла кафедры з’яўляецца кандыдат філалагічных навук дацэнт А.С. Дзядова. Кадравы склад кафедры, які забяспечвае арганізацыю дзейнасці філіяла кафедры: Арцямёнак Г.А., дацэнт, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства, дацэнты Бабіч Ю.М., Бондал І.В., Дзядова А.С., Зіманскі В.Э., Мартынкевіч С.В., Несцяровіч В.І., Семянькова Г.К.; старшы выкладчык Парамонава Г.Я.; аспірантка Півавар К.С.

Асноўнымі задачамі філіяла кафедры з’яўляюцца:
1) павышэнне прафесійнага ўзроўню выкладчыкаў кафедры і адаптацыя студэнтаў да ўмоў педагагічнай працы ў сучаснай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе, укараненне інавацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс універсітэта і ўстаноў адукацыі г. Віцебска і Віцебскай вобласці;
2) аказанне практычнай дапамогі настаўнікам у вучэбна-метадычнай і навукова-даследчай дзейнасці, правядзенне сумесных навуковых даследаванняў;
3) узмацненне практычнай скіраванасці вучэбнага працэсу ва ўніверсітэце, падрыхтоўка канкурэнтаздольнага спецыяліста з вышэйшай гуманітарнай адукацыяй;
4) пошук і падтрымка адораных і таленавітых вучняў праз аказанне ім адукацыйнай дапамогі і паслуг, развіццё і падтрымка творчых здольнасцей навучэнцаў.

Філіял кафедры спрыяе больш якаснаму фарміраванню акадэмічных кампетэнцый студэнтаў філалагічнага факультэта, якія маюць магчымасць арганiзоўваць i весцi педагагiчную (вучэбную, метадычную, выхаваўчую) дзейнасць; выкарыстоўваць базавыя навукова-тэарэтычныя веды для вырашэння тэарэтычных i практычных задач; засвойваць i ўкараняць у навучальны працэс iнавацыйныя адукацыйныя тэхналогii.

На базе філіяла кафедры праводзяцца практычныя і лабараторныя заняткі па методыцы выкладання беларускай мовы. Студэнты маюць магчымаць пазнаёміцца з перадавым вопытам настаўнікаў вышэйшай катэгорыі Данілавай Н.У., Зязюлькінай В.С., Шыбека Н.В., вучні якіх неаднаразова ўдзельнічалі ў абласных алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, у конкурсах навукова-даследчых прац.

На базе філіяла кафедры створаны раённы рэсурсны цэнтр па беларускай мове і літаратуры ўпраўлення адукацыі Кастрычніцкага раёна г. Віцебска, у якім дацэнт А.С. Дзядова падчас правядзення факультатыўных заняткаў працуе з адоранымі і таленавітымі вучнямі, ажыццяўляе іх падрыхтоўку да ўдзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе, а таксама да здачы цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове.

У філіяле кафедры праводзяцца кансультацыі для настаўнікаў і вучняў па актуальных праблемах беларускай лінгвістыкі і пытаннях арганізацыі навукова-даследчай працы вучняў.

У 2016 годзе на базе філіяла пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры С.В. Мартынкевіч арганізавана праца праектна-метадычнай лабараторыі “Сучасны ўрок беларускай мовы: традыцыйныя асновы і інавацыйны патэнцыял”, у межах якой з мэтай дыягностыкі ўзроўню практычных уменняў і навыкаў студэнтаў ажыццяўляецца падрыхтоўка і ўкараненне лінгваметадычных праектаў па дысцыпліне “Методыка выкладання беларускай мовы”.

У практыку школьнага выкладання беларускай мовы ўкараняюцца вынікі навуковых даследаванняў кафедры беларускага мовазнаўства – манаграфій, даведачных выданняў, падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, а таксама лепшыя курсавыя, дыпломныя і магістарскія працы студэнтаў. Выкладчыкі кафедры ўдзельнічаюць у метадычных семінарах, пасяджэннях метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Кастрычніцкага раёна г. Віцебска, праводзяць майстар-класы па рашэнні складаных лінгвістычных задач.

Студэнты філалагічнага факультэта і вучні ДУА “СШ № 4 г. Віцебска” ўдзельнічаюць у сумеснай арганізацыі і правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў – Фестывалі беларускага слова, Тыдні пазнання і творчасці, конкурсах чытальнікаў, пасяджэннях студэнцкага навуковага гуртка “Мова ў кантэксце культуры”, алімпіядах. З мэтай фарміравання ў старшакласнікаў пазітыўных поглядаў на прафесію настаўніка-філолага выкладчыкі кафедры і студэнты актыўна праводзяць прафарыентацыйную працу ў профільных педагагічных класах.

@ Учреждение образования "Витебский государственный университет имени П.М. Машерова"