У мінулым годзе мастацка-графічнаму факультэту (МГФ) – alma mater шматлікіх беларускіх мастакоў – споўнілася 60 год. Ён быў створаны ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя С.М. Кірава ў 1959 годзе на базе Віцебскай мастацка-графічна педагагічнай вучэльні і стаў сапраўднай школай і творчай лабараторыяй для таленавітай моладзі, якая захаплялася мастацтвам. Шлі гады, на факультэце змяняліся дэканы, назвы і склад кафедраў, але галоўным заставаліся накіраванасць на творчасць, адмысловая атмасфера, створаная апантанымі, неабыякавымі да мастацтва педагогамі, якіх заўсёды было нямала.
Першапачатковая арыентаванасць факультэта на падрыхтоўку настаўнікаў малявання, чарчэння і працоўнага навучанння ніколі не перашкаджала творчай самарэалізацыі і выставачнай актыўнасці студэнтаў. Сярод выпускнікоў нямала выдатных педагогаў школ, гімназій, тэхнікумаў, вышэйшых навучальных устаноў, грамадскіх, культурных і навуковых дзеячаў, працаўнікоў іншых сфер. Дзеля справядлівасці адзначым: мастацка-графічны факультэт заявіў пра сябе перш за ўсё як мастацкая школа ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Менавіта дзякуючы актыўнай творчай і экспазіцыйнай практыцы адораных прадстаўнікоў факультэта, як сярод выкладчыкаў, так і сярод выпускнікоў, МГФ сёння мае, без перабольшання, сусветную вядомасць.
Адкрыццё мастацка-графічнага факультэта ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце спрыяла ўмацаванню аўтарытэту і пазіцый Віцебскай мастацкай школы першай паловы XX стагоддзя, а таксама пашырэнню дыяпазону творчых пошукаў і эксперыментаў. Выкладчыкі і выпускнікі МГФ сталі аднымі з першых сяброў віцебскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў. А сёння выхаванцы факультэта складаюць ці не палову сяброў гэтага прафесійнага саюза творцаў. Мы можам упэўнена сцвярджаць, што творчасць выкладчыкаў і выпускнікоў факультэта стала арганічнай часткай спадчыны Віцебскай мастацкай школы, садзейнічала развіццю яе традыцый.
Сапраўды, з аднаго боку, наш факультэт захаваў традыцыі беларускай школы, а з другога – будуе сваю працу з улікам актуальных тэндэнцый развіцця сусветнага мастацтва.
Выстава «Традыцыі і сучаснасць» прымеркавана да 110-гадовага юбілею Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава і прадстаўляе гледачам творы выкладчыкаў, супрацоўнікаў розных кафедраў мастацка-графічнага факультэта.
Гэта экспазіцыя – даніна глыбокай пашаны да нашага ўніверсітэта, мастацка-графічнага факультэта, яго гісторыі і магічнай творчай атмасферы, да тых выкладчыкаў, якія самааддана працавалі на ніве мастацкай адукацыі, а таксама да тых нашых выпускнікоў, якія ўбачылі сэнс свайго жыцця ў творчасці і служэнні мастацтву.
Міхась Цыбульскі,
дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва,
кандыдат мастацтвазнаўства.
Фотаальбом выставы «Традыцыі і сучаснасць»