З 23 па 27 лістапада на факультэце гуманітарыстыкі і моўных камунікацый ВДУ імя П.М. Машэрава ўжо ў шосты раз адбыўся традыцыйны Фестываль беларускага слова. Асаблівасць сёлетняга фестывалю ў тым, што ўсе мерапрыемствы праходзілі ў анлайн-фармаце на базе папулярных сярод студэнцкай моладзі сацыяльных сетак Instagram, Укантакце, TikTok.
Адкрыўся фестываль конкурсам фотаздымкаў «Мая Віцебшчына: гісторыя на фоне карцін прыроды». Конкурс аб'яднаў выкладчыкаў, студэнтаў і ўсіх зацікаўленых людзей, якія любяць прыгажосць роднага краю. А пераможцамі сталі Кацярына Кавальчук, Марына Сазонава і Патрыцыя Станкевіч.
На працягу тыдня праходзіў паэтычны флэшмоб «Да мяне прытулілася слова». Распачала яго загадчык кафедры літаратуры Алена Уладзіміраўна Крыклівец. Падпісчыкі Instagram-акаўнта факультэта з цікаўнасцю назіралі за выразным чытаннем вершаў.
26 лістапада адбылося завочнае падарожжа, прысвечанае 90-годдзю з дня нараджэння У.С. Караткевіча «Вечным застанецца толькі тое, што ты аддаў...». Студэнты з дапамогай відэа расказвалі аб жыцці пісьменніка, яго творчасці, марах і сям'і.
На працягу тыдня да чэленджа «Чытаем вершы па-беларуску» далучаліся ўсё жадаючыя. Актыўны ўдзел прынялі студэнты Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, вучні сярэдняй школы №4 i гімназіі №2.
Анлайн-віктарына «Беларуская скарбонка» сабрала вялікую колькасць удзельнікаў. Усе з вялікім задавальненнем адказвалі на прапанаваныя пытанні, перакладалі словы, суадносілі іх, адгадвалі творы беларускіх аўтараў па эмоджы.
Гістарычная частка ФГіМК падрыхтавала дзень гісторыка-культурнай спадчыны «Самая-самая (займальная) Віцебшчына», падчас якога можна было здзейсніць віртуальнае падарожжа па гістарычных мясцінах Віцебска і Віцебскай вобласці і праверыць свае веды аб найбольш цікавых аб’ектах рэгіёна.
Фестываль беларускага слова аб'яднаў вялікую колькасць людзей, якія з павагай і любоўю адносяцца да роднай мовы.
Як гэта было, глядзіце ў інстаграм-акаўнце ФГіМК: vsu_fhlc.