Народны літаратурны музей ВДУ імя П.М. Машэрава 17 кастрычніка ў 11.30 (аўдыторыя 607) запрашае на творчую сустрэчу з паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным. У праграме: прэзентацыя кнігі Леаніда Дранько-Майсюка “…Натуральны, як лінія небасхілу”, прысвечанай жыццю і творчасці Максіма Танка; вершы, песні ў выкананні Эдуарда Акуліна.
Леанід Дранько-Майсюк – адзін з самых вядомых і папулярных беларускіх пісьменнікаў, чые вершы, паэмы, эсэ, апавяданні, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, пераклады, публічныя выступленні, тэксты песень, тэксты для тэатрльных пастановак і музычных п’ес высока ацэненыя сучаснікамі. Статус выдатнага мастака, з плёнам якога звязваецца ўзровень развіцця ўсёй беларускай літаратуры, Л. Дранько- Майсюк пацвердзіў сваімі кнігамі. Сярод іх - зборнікі вершаў “Вандроўнік” (1983), “Тут” (1990), “Акропаль” (1994), “Гаспода” (1998), “Паэтаграфічны раман” (2002), “Цацачная крама” (2008), “Анёлак і я” (2009), “Кніга для спадарыні Эл” (2012) і інш.
Эдуард Акулін – беларускі паэт, перакладчык, бард. Аўтар зборнікаў паэзіі “Лес дзённага асвятлення” (1988), “Непрычалены човен” (2003), “Святочная ноч” (2013) і інш., драматычнай містэрыі “На Каляды” (1996), песенных магнітаальбомаў: “Мая Крывія” (1995), “Як яна і я” (2000), “Не магу жыць без крыл” (2012). Перакладае з украінскай , польскай, літоўскай, славенскай, балгарскай і нямецкай моў.