Аркадзь Русецкі – вядомы далёка за межамі Беларусі вучоны, даследчык нацыянальнай культуры і літаратуры. Ён лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, кавалер ордэна “Знак Пашаны”, медаля імя Францыска Скарыны, ордэна Андрэя Першазванага, мае Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. З-пад пяра Аркадзя Русецкага выйшаў цыкл манаграфій і навуковых прац па мастацкай культуры Віцебшчыны, якія дазваляюць па-новаму асэнсаваць культурна-гістарычную спадчыну і традыцыі Беларускага Паазер’я, перадаць гэты скарб будучым пакаленням (“Мастацкая культура Беларусі” (2002), “Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я” (2005), “Вывучаць і ведаць гісторыю Віцебска” (2013). Плённа працуе аўтар і на ніве літаратурнай крытыкі, даследуючы творчасць класікаў і сучаснікаў нацыянальнай літаратуры (“Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць” (2000), ”Литературное творчество в системе художественной культуры Витебщины” (1918-1945)”, “В атмосфере художественного поиска и стилевого многообразия. Творчества витебских литераторов во второй половине 1960-х – начале 1990-х годов” (2012)). З гэтымі і іншымі кнігамі Аркадзя Русецкага змогуць пазнаёміцца наведавальнікі музея.