12-га чэрвеня ў Мінску ў трох залах мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставы «Творчы шлях: 45 гадоў Дзіцячай мастацкай школе г. Віцебска». Ініцыятарам і адным з арганізатараў мерапрыемства стала кафедра выяўленчага мастацтва ВДУ імя П.М. Машэрава (куратары М. Цыбульскі, В. Васёха, І. Прэснякова).
Выстава «Творчы шлях: 45 гадоў Дзіцячай мастацкай школе г. Віцебска» – яркае адлюстраванне творчай спадчыны і дасягненняў вучняў за доўгія гады існавання школы. У экспазіцыі прадстаўлены творчыя работы навучэнцаў апошніх гадоў, а таксама кампазіцыі з фонду школы.
Дзіцячая мастацкая школа г. Віцебска, заснаваная ў 1979 годзе, з'яўляецца спадкаемніцай традыцый Віцебскай мастацкай школы. Яе вучні неаднаразова станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх конкурсаў. За больш як саракагадовы перыяд працы школы, 18 яе вучняў сталі стыпендыятамі, а 9 навучэнцаў адзначаны прэміямі Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дзіцячая мастацкая школа г. Віцебска з'яўляецца арганізатарам такіх праектаў, як міжнародны конкурс-выстава «Перспектыва», «Арт-аб'ект года», Міжнародны дзіцячы пленэр, прысвечаны І.Я. Рэпіну.
Гэтая выстава – не толькі свята творчасці і майстэрства вучняў, але і адлюстраванне ролі высокакваліфікаваных выкладчыкаў, якія накіроўвалі дзяцей на працягу ўсяго шляху навучання. Менавіта дзякуючы ім школа змагла дасягнуць такіх выдатных вынікаў. Сярод педагогаў гэтай школы ёсць нямала выпускнікоў мастацка-графічнага факультэта, членаў Саюза мастакоў і Саюза дызайнераў, якія прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы абітурыентаў і для сваёй альма-матэр.