17-га кастрычніка ў Гарадоцкім краязнаўчым музеі ў рамках прэзентацыі выстаўкі «Грані творчасці» былога дацэнта кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ВДУ імя П.М. Машэрава Івана Хіцько прайшла творчая сустрэча, прысвечаная юбілею гэтага знакамітага ўраджэнца Гарадоччыны. Падчас урачыстай часткі выступіла старшыня райвыканкама Ірына Палякова, якая перадала юбіляру Ганаровую грамату ад упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. А ваенны камісар Гарадоцкага раёна Яўген Кавалёў уручыў Івану Паўлавічу юбілейны медаль «80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Ад Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава былога выкладчыка МГФ віншавалі дэкан мастацка-графічнага факультэта Алена Сакалова і загадчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі Ірына Сысоева. Удзельнікі сустрэчы змаглі паслухаць успаміны юбіляра аб сваім жыцці і творчасці, азнаёміцца з творамі мастака, дызайнера і педагога.
Выпускнік мастацка-графічнага факультэта ВДПІ імя С.М. Кірава Іван Хіцько з 1966 па 2014 гады працаваў на кафедры мастацкага канструявання і методыкі працоўнага навучання, прайшоў шлях ад асістэнта да дацэнта (1991). Ён актыўна займаўся даследаваннем мастацкай апрацоўкі драўніны на тэрыторыі Беларусі, вывучаў творчасць народных разьбяроў і архітэктурны дэкор народнага жылля. На працягу ўсіх гадоў працы на факультэце ўдзельнічаў у экспедыцыйных паездках і перасоўных выставах.
За час працы ў нашай установе вышэйшай адукацыі ім апублікавана каля сямідзесяці навуковых і вучэбна-метадычных артыкулаў і дапаможнікаў. З 1966 пад яго кіраўніцтвам было выканана каля 300 дыпломных работ. Важным накірункам творчай дзейнасці сталі шматлікія дызайнерскія распрацоўкі, праекты мастацка-канструктарскага рашэння інтэр'ераў і экстэр'ераў дамоў культуры, музеяў, клубаў, бібліятэк, добраўпарадкавання і арганізацыі гульнявых зон з выкарыстаннем малых архітэктурных форм і г.д.
З 1999 года Іван Паўлавіч рэгулярна запрашаўся ў міжнароднае журы конкурсу майстроў народных рамёстваў і промыслаў, які праводзіцца падчас фестывалю мастацтваў «Славянскі Базар у Віцебску».
Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства
Здымкі М.С. Сергяенка