10-га красавіка ў Мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Бялынічы (Магілёўская вобласць) адкрылася персанальная выстава дацэнта кафедры выяўленчага мастацтва ВДУ імя П.М. Машэрава Міхася Цыбульскага пад назвай «З пленэрных вандровак». Аўтар прысвяціў экспазіцыю свайму бацьку – Леаніду Міхайлавічу Цыбульскаму і ўсяму радаводу Цыбульскіх, што бярэ пачатак у Бялынічах.
«Тут нарадзіўся мой прадзед Гаўрыіл, дзед Міхаіл, які ў 1941 годзе з самага пачатку вайны па першай мабілізацыі быў прызваны ў Чырвоную армію і загінуў у 1944 годзе, – узгадвае Міхась Цыбульскі. – Мой бацька, яго брат-блізнец і сястра перажылі акупацыю ў Бялынічах, бабуля Вольга працавала на сельскай гаспадарцы. Пазней мой бацька Леанід Міхайлавіч Цыбульскі (1931–1997) скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут, быў накіраваны ў Віцебск, дзе працаваў начальнікам Аддзела тэхнічнага кантролю Віцебскай мэблевай фабрыкі (1955–1959), галоўным інжынерам мэблевай фабрыкі «Зара» (1960–1961), галоўным інжынерам Віцебскага гарпрамкамбіната (1962–1964). У 1964 годзе перайшоў на працу ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут на кафедру начартальнай геаметрыі і чарчэння. З 1965 – старшы выкладчык, загадчык гэтай кафедры (1970–1976). Дацэнт (1974), кандыдат тэхнічных навук (1971). З’яўляўся намеснікам дэкана мастацка-графічнага факультэта (1978–1983). А ў Бялынічах і сёння жывуць мае сваякі, што ўслаўляюць род Цыбульскіх», – адзначыў Міхась Леанідавіч.
У экспазіцыі дадзенай выставы, што арганізавана ў год 55-гадовага юбілею Мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Бялынічы, прадстаўлены 38 эцюдаў, якія былі напісаны Міхасём Цыбульскім у час міжнародных і рэспубліканскіх пленэраў у розных кутках Беларусі, Расіі, краінах Еўропы.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Фотаздымкі Святланы Магілеўчык