У межах святкавання 115-годдзя ўніверсітэта ў выставачнай зале мастацка-графічнага факультэта адкрылася выстава вядомага беларускага жывапісца Алега Скавародкі (куратар М. Цыбульскі). У 1972 годзе ён скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава, дзе сярод яго выкладчыкаў былі Л. Дзягілеў, Ф. Гумен і А. Някрасаў. У 1974-м А. Скавародка пачаў удзельнічаць у абласных і рэспубліканскіх выставах, пленэрах. У 1986 годзе – стаў сябрам Саюза мастакоў СССР. На працягу сваёй творчасці некалькі разоў займаў пасаду старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2019). Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага мастацтва (Мінск), Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Магілёўскім мастацкім музеі імя П. Масленікава, Віцебскім мастацкім музеі, Полацкім гісторыка-культурным запаведніку, Смаленскім гісторыка-культурным запаведніку, Карціннай галерэі імя Г. Вашчанкі (Гомель), Лепельскім краязнаўчым музеі, прыватных зборах і галерэях Рэспублікі Беларусь, Расіі, Ізраіля, Германіі, Францыі, Галандыі, Англіі, Польшчы, Турцыі, Індыі і інш.

Ужо пры першым знаёмстве творы віцебскага мастака Алега Скавародкі ўражваюць энэргіяй колеру і эфектнай рытма-пластычнай арганізацыяй. Аднак за вельмі выразнымі рысамі стылістыкі не адразу назіраецца своеасаблівая паэтыка вобразнага поля, у якім валадарыць метафара.

У апошнія дзесяцігоддзі папулярнымі ў А. Скавародкі становяцца творы, якія знаходзяцца на мяжы тэматычнай кампазіцыі і жанравага партрэта. У падобных жывапісных палотнах мастак выкарыстоўвае фрагментаваныя кампазіцыі, нечаканыя ракурсы, буйныя планы, нізкую лінію далягляду, каб надаць фігурам яшчэ больш манументальнасці і выразнасці. Безумоўна, у большасці кампазіцый увага Алега Скавародкі засяроджана перш за ўсё на пошуках неардынарных эфектных форм, лаканічных канструкцый. Мастак выкарыстоўвае шырокі спектр прыёмаў стылізацыі фігур, прыродных форм і аб’ектаў архітэктуры: ператварае аб’ёмную форму ў плоскасную. Вельмі часта цэнтральнай мадэллю ў фігуратыўных кампазіцыях Алега Скавародкі становяцца жаночыя персанажы. У некаторых карцінах мастака яны архітыпічныя, але значна часцей яго захапляюць пластычныя інтэрпрэтацыі вобраза.

Пейзаж, які ўвогуле ператварыўся ў адзін з асноўных жанраў у творчасці А. Скавародкі, заўсёды прыцягваў мастака разнастайнасцю магчымасцей – ад непасрэднага эцюда на пленэры да створанага ў майстэрні жывапіснага палатна. Пленэры з’яўляюцца сапраўднай крыніцай натхнення, захапляюць творцу магчымасцю ў чарговы раз дакрануцца да натуры, абнавіць палітру сваіх уражанняў. Нягледзячы на тое, што Алег Скавародка ўжо шмат гадоў з'яўляецца гарадскім жыхаром, яго творы захоўваюць моцную сувязь з прыродай, зямлёй, на якой ён нарадзіўся.

Сёння ў мастака добра пазнавальная, яркая і падкрэслена індывідуальная манера жывапісу, адметная не толькі велічнай манументальнасцю і дэкаратыўнасцю, але і рамантычнай паэтыкай, складанай рытмікай кампазіцый, згарманізаваным фарсіраваннем колеру, напружанымі пластычнымі трансфармацыямі і своеасаблівымі мастацкімі праекцыямі вобразаў. Яго творы адрозніваюцца гучнасцю каларыту, інтэнсіўнасцю і насычанасцю колеру. Эмацыянальна выразны, моцны і энергічны жывапіс Алега Скавародкі выдатна адлюстроўвае сутнасць яго асобы і моцны характар мастака, для якога творчасць стала ці не галоўным сэнсам жыцця.

Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы

1 2
3 4 5

ГодБлагоустройства4 МолодежьПротивНаркотиков ПравовойФорум МолодежьБеларуси Радио
ПравоБу ПатриотБу АбитуриентБу ВитебскиеВести РейтенговаяОценка qr code 3 учеба
80 летие Победы советского народа в Великой Отечественной войне 1 Трудоустройство ЭкспортБу Витьбичи СтадиИнБу

Витебский государственный университет имени П.М. Машерова

home Адрес: 210038, г. Витебск, пр-т Московский, 33.

phone Телефон: (+375 212) 37-49-59 (приемная ректора)

printer Факс: (+375 212) 37-49-59

comment E-mail: info@mail-vsu.by

Режим работы: 8:30-13:00, 13:30-17:00

Социальные сети:

© Учреждение образования "Витебский государственный университет имени П.М. Машерова"