7 мая ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбылося адкрыццё персанальнай выставы вядомай прадстаўніцы інсітнага мастацтва Антаніны Маісеевай «Мой свет», якая арганізавана сумесна Віцебскім дзяржаўным ўніверсітэтам імя П.М. Машэрава і ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо г. Віцебска» «Дзвіна». У экспазіцыі прадстаўлены 75 жывапісных кампазіцый, якія былі напісаны ў розны час. Акрамя таго, пад час вернісажу былі прэзентаваны дзве кнігі А. Маісеевай «Жыццё ў карцінках» і «Не зарастают памяти следы: детдомовский альбом».
Антаніна Максімаўна Маісеева нарадзілася ў 1947 годзе ў в. Сякірына Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла бібліятэчны факультэт Ленінградскага інстытута культуры. Працавала загадчыкам бібліятэкі.
Займаецца жывапісам з 2001 года. Працуе пераважна ў алейным жывапісе. Антаніна Маісеева – удзельніца выстаў самадзейных мастакоў клуба «Контур», членам якога з’яўляецца з 2003 года. Яе персанальныя выставы адбыліся ў Віцебскім АМЦНТ (2002), у Музеі-сядзібе І.Я. Рэпіна «Здраўнёва» (2006), у Цэнтры народных рамёстваў і мастацтва «Задзвінне» (2007), у гарадскім Доме культуры ў Новалукомлі (2009), ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо г. Віцебска» «Дзвіна» (2022).
Антаніна Максімаўна – лаўрэат Беларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь – мая песня» (2005); удзельніца Міжнароднага фестывалю наіўнага мастацтва і творчасці аўтсайдараў «Фестнаіў» (г. Масква; 2003, 2007, 2010, 2013, 2016), Міжнароднай выставы наіўнага мастацтва «Прынашэнне майстру», прысвечанай 120-годдзю М. Шагала (Віцебск, Масква; 2007). Таксама мастачка прымала ўдзел у Нацыянальнай выставе наіўнага мастацтва «Insitus» (г. Віцебск; 2008, 2012, 2016, 2020, 2024).
Адкрытая і непасрэдная творчасць Антаніны Маісеевай прыцягвае свабодай адлюстравання, адметнасцю і арыгінальнасцю. У аснове большасці палотнаў мастачкі ўспаміны з уласнага жыцця і непасрэдны візуальны вопыт. Асаблівая ўвага да індывідуалізацыі вобразаў пры гэтым не перашкаджае іх тыпізацыі, звароту да метафар і гратэску. Разам з тым ва ўсім дамінуе выразная эмацыяльнасць, свабода вобразнай інтэрпрэтацыі.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы.





















