На філалагічным факультэце нашага ўніверсітэта адбыўся майстар-клас Лявона Баршчэўскага – філолага, перакладчыка, грамадскага дзеяча, укладальніка і рэдактара шматлікіх выданняў. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Цэнтр славянскіх моў і культур, прысутнічалі на майстар-класе пераважна студэнты спецыяльнасці «рамана-германская філалогія».
Лявон Баршчэўскі распавёў моладзі пра асаблівасці перакладу мастацкіх твораў і адзначыў, на што найперш трэба звярнуць увагу. У прыватнасці, сачыць за тым, каб пераклад адпавядаў культурным традыцыям краіны, з мовы якой перакладаецца тэкст. Таксама Лявон Пятровіч выказаў сваё меркаванне, што карыстацца выключна слоўнікам пры перакладзе нельга, важна яшчэ ўлічваць нацыянальны кантэкст.
Шаноўнаму госцю студэнты задавалі розныя пытанні. Напрыклад, цікавіліся, каго з айчынных пісьменнікаў ён можа параіць для чытання і які твор ён лічыць ідэальным перакладам. Адказваючы на першае пытанне, Лявон Баршчэўскі назваў прозвішчы Янкі Брыля, Вячаслава Адамчыка і Уладзіміра Арлова, на другое — успомніў кнігу «Грахі маленства» Баляслава Пруса ў перакладзе Янкі Брыля.
Напрыканцы майстар-класа Лявон Баршчэўскі зачытаў урыўкі са сваіх перакладаў і падараваў колькі кніг кафедры беларускага мовазнаўства і Цэнтру славянскіх моў і культур.
Арганізатар сустрэчы, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Юрый Міхайлавіч Бабіч адзначыў, што такія мерапрыемствы вельмі важныя для студэнтаў, асабліва для будучых перакладчыкаў, і паабяцаў, што ў наступным навучальным годзе Лявон Баршчэўскі зноў стане госцем нашай альма-матар.
Надзея Прыказчыкава, студэнтка ФлФ