19 мая адбылася абласная краязнаўчая канферэнцыя навучэнцаў і студэнтаў «Задзвінскія чытанні», арганізаваная ўжо ў чацвёрты раз гістарычным факультэтам нашага ўніверсітэта і ДУА «СШ № 21 г. Віцебска». У гэтым годзе жаданне прыняць удзел у навуковым форуме выказалі больш за сто маладых краязнаўцаў.
У выніку адбору, праведзенага кампетэнтным журы, для выступлення з дакладамі былі запрошаны 39 чалавек. Акрамя віцебскіх навучальных установаў у фінальнай частцы канферэнцыі былі прадстаўлены школы і гімназіі Полацка, Оршы, Лепеля, Шуміліна, Сянно, Гарадка і Глыбоцкага раёна.
Адкрыў мерапрыемства начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Генадзь Міхайлавіч Ягораў. З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся дырэктар сярэдняй школы № 21 Сяргей Юр’евіч Зыбін, старшыня журы, галоўны спецыяліст ўпраўлення культуры аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Валер’евіч Юрчак, прарэктар па выхаваўчай рабоце Віцебскай духоўнай семінарыі протаіерэй Аляксандр Лесавы і загадчык кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М. Машэрава кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатоль Мікалаевіч Дулаў.
Праца вялася ў трох секцыях. Па выніках удзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ катэгорый. Акрамя таго, лепшыя даклады адзначаны падарункамі – кнігамі вядомых даследчыкаў мінуўшчыны з аўтографам. Традыцыйны майстар-клас для пачынаючых даследчыкаў і іх навуковых кіраўнікоў правяла педагог-краязнавец Тамара Пятроўна Марчык. Гасцям была прапанавана экскурсія па гістарычным цэнтры Віцебска і квэст у Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова.
У планах арганізатараў «Задзвінскіх чытанняў» выйсці на рэспубліканскі ўзровень і запрасіць гасцей з Смаленска і Пскова.