Да 60-гадовага юбілею мастацка-графічнага факультэта і 70-годдзя мастака была прымеркавана выстава Віктара Крука «На жыццёвым шляху: спатканні і ўражанні», якая адкрылася ў Віцебскім мастацкім музеі 6 верасня.
З 1974 года мастак жыве ў г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобласці, працуе ў школе мастацтваў. З 1996 года – сябра Беларускага саюза мастакоў. У 2014 годзе В. Круку прысвоена Ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны – 2014» за высокі прафесіяналізм, значныя асабістыя дасягненні ў галіне мастацтва, развіццё мастацкай творчасці, выхаванне падрастаючага пакалення. А ў 2019 ён узнагароджаны медалём «Святога Канстанціна Жданава», які 10 мая Віктару Круку ўручыў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.
Партрэты, напісаныя В. Круком, па сваёй вобразнасці не толькі паліфанічныя, але і падкрэслена метафарычныя. Большасць з іх мае некалькі сэнсавых планаў, некалькі узроўняў прачытання. Не дзіўна, што ў партрэтах мы можам убачыць не толькі канкрэтных, добра вядомых нам людзей, але і постаці герояў сваёй эпохі. У кожнай з пейзажных кампазіцый, у кожным з партрэтаў існуе выразная сэнсавая дамінанта, якая часам набліжае творы да тэматычных кампазіцый. Разам з тым, мастак заўсёды дамагаўся эмацыянальнай выразнасці менавіта жывапіснымі сродкамі, не ўпадаючы ў апавядальнасць і ілюстрацыйнасць.
Творы Віктара Крука знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея Максіма Багдановіча (Мінск), Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, прыватных калекцыях Беларусі, Велікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Францыі.
Міхась Цыбульскі
кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы