12 лютага ў Аршанскай гарадской галерэі імя В. Грамыкі адбылося адкрыццё выставы жывапісных твораў Освальда Звейсалніекса (Латвія, Рэзэкнэ) пад назвай «Terra vitae». У адкрыцці выставы прынялі ўдзел кіраўнік Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Сінтія Паура, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў, прадстаўнікі Рэзэкненскай гарадской думы, агенцтва самакіравання «Рэзэкненскі цэнтр культуры і турызму» і Латгальскага культурна-гістарычнага музея.
Освальд Звейсалніекс з'яўляецца кавалерам ордэна Трох Зорак, ганаровым грамадзянінам Рэзэкнэ, прафесарам Латвійскай акадэміі мастацтваў, дырэктарам Рэзэкненскай сярэдняй школы мастацтваў і дызайну. Мастак сапраўдны класік латвійскага мастацтва. Зусім нядаўна Освальд Звейсалніекс атрымаў прыз года «Бонюкс 2018» за ўклад у развіццё латгальскай культуры.
У экспазіцыі ў асноўным прадстаўлены пейзажы. І гэта не выпадкова: адным з прыярытэтаў для О. Звейсалніекса з'яўляецца праца на пленэры. Большасць жывапісных твораў прадстаўляе краявіды дарагой мастаку Латгаліі.
Освальд Звейсалніекс удзельнік выстаў з 1971 года. За гэты час ён правёў больш 20 персанальных выстаў, рэгулярна прымаў удзел у міжнародных пленэрах і групавых выставах у Латвіі і за мяжой. У 2014 годзе персанальная выстава мастака прайшла ў Беларусі, у Віцебскім мастацкім музеі. А ў студзені гэтага года выстава О. Звейсалніекса прайшла ў Полацку.
Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства,
кардынатар выставы