Міжнароднае супрацоўніцтва з’яўляецца адказным напрамкам дзейнасці кожнага ўніверсітэта. Міжнароднае супрацоўніцтва на факультэце арганізуецца на аснове кааперацыі і непасрэдных сувязеў у сферы адукацыйнай, навукова-тэхнічнай, вучэбна-метадычнай і культурнай дзейнасці. Гэта прываблівае студэнтаў, у тым ліку замежных, дае ім магчымасці для атрымання новых ведаў, павышае якасць навучання. Акадэмічная мабільнасць з’яўляецца важкім складнікам гэтага працэсу.
Для студэнтаў, аспірантаў, магістрантаў і прафесарска-выкладчацкага складу факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый 23 снежня была прачытана лекцыя “Новояз в эпоху пандемии”. Лектарам выступіла доктар філалагічных навук, прафесар Паўладарскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Цеміргазіна Зіфа Какбаеўна. Лекцыя праводзілася ў анлайн-рэжыме пры дапамозе платформы Zoom. Слухачы змаглі пазнаёміцца з семантычнымі, лексічнымі неалагізмамі і вузкаспецыяльнай тэрміналогіяй, якія ўзніклі падчас пандэміі. Напрыканцы лекцыі ўсе жадаючыя змаглі выказаць свае думкі і задаць пытанні.
У гэтым жа месяцы з’явілася добрая нагода запрасіць дэкана Інстытута неафілалогіі Зеленагурскага ўніверсітэта Малгажату Лучык прачытаць некалькі лекцый для нашых студэнтаў, якія вывучаюць польскую мову. Мерапрыемства дазваляе непасрэдна з вуснаў носьбітаў мовы, а дакладней вядомага ў славянскім свеце прафесара, пачуць пра асаблівасці польскай мовы, якія патрабуюць дадатковага тлумачэння.
Спадзяёмся, што падобныя сустрэчы стануць традыцыйнымі. Як толькі знікнуць бар’еры, выкліканыя складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, і будзе магчымасць непасрэдна наведаваць іншыя ВНУ, то цікавыя і карысныя вучэбныя мерапрыемствы зноў будуць праводзіцца ў традыцыйным аўдыторным фармаце.