На днях педагагічны факультэт сустракаў гасцей-артыстаў Беларускага тэатра «Лялька». Для студэнтаў 1 курсаў госці падрыхтавалі цікавы спектакль пад назвай «Цар Ірад». З вялікім задавальненнем хлопцы і дзяўчаты глядзелі спектакль, у якім выкарыстоўваліся: традыцыйная беларуская батлейка і лялькі, створаныя па ўзоры Магілёўскай Батлейкі ХІХ стагоддзя.
Запальваюцца свечкі – і музейны экспанат ажывае. Гучаць неўміручыя галасы герояў адвечнай драмы, а ў галасах тых – і замілаванне, і страх, і боль, і нянавісць, і вера ў найвышэйшую справядлівасць.
Тэкст батлейкавага прадстаўлення падаецца паводле запісаў Е.Р. Раманава, зробленых у ваколіцах Віцебска напрыканцы ХІХ стагоддзя. У народнай драме Дабро і Зло жывуць на розных паверхах ды змагаюцца зацята і бескампрамісна. А светлы Анёл са званочкам не стамляецца нагадваць: «Чалавеча бедны! Не правазнасіся!».