«Прыгажосць уратуе свет»…
Такую назву атрымала мерапрыемства, якое адбылося 3 сакавiка ў Народным лiтаратурным музеi ВДУ iмя П.М. Машэрава. Яно ўяўляла сабой літаратурна-музычную імпрэзу i прэзентацыю фотавыставы. Арганізатарамі выступілі Народны лiтаратурны музей (загадчык – Вольга Русілка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт) і кафедра заалогii i батанiкі (фотаработы прадставіў кандыдат біялагічных навук, дацэнт Леанард Мяржвінскі).
Леанард Мiхайлавiч падзялiўся са студэнтамi цiкавымi звесткамi пра раслiнны свет нашай краiны, расказаў пра народныя сродкi, лекавыя расліны, якiя дапамагаюць у лячэннi розных хвароб, пра свае экспедыцыі на Расоншчыну, прырода якой надта здзiвiла яго сваiм хараством i прыгажосцю. Акрамя таго, дацэнт, якога многія ва ўніверсітэце ведаюць як «Траўніка Леанарда», раскрыў сакрэт прыгатавання незвычайна смачнай гарбаты з галiнак малiны, вiнаграда i iншых раслін.
У сваю чаргу Вольга Iванаўна распавяла пра ролю кветак у сваiм жыццi і падзялiлася цiкававым фактам з роднай Гродзеншчыны. Паводле слоў выкладчыцы, кожная дзяўчына ў вёсцы павiнна была даглядаць свой кветнiк перад хатай. Чым ён был прыгажэйшым, тым больш добрай і гаспадарлівай лічылася нявеста.
А студэнты 31-й групы спецыяльнасці «Беларуская філалогія» факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый прачыталі вершы пра кветкі беларусіх аўтараў.
Скончылася мерапрыемства сумесным чаяваннем. Гарбату з лекавых траў i кветак падрыхтаваў «Траўнік Леанард».
Лідзія Сушчык,
студэнтка 3 курса ФГіМК