На факультэце гуманітарыстыкі і моўных камунікацый ужо стала добрай традыцыяй праводзіць акцыю «Праз дыялог моў – да душы, да сэрца», прымеркаваную да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якi святкуецца 15 сакавiка.
Упершыню акцыя прайшла ў 2013 годзе сярод студэнтаў тады філалагічнага факультэта. А, напрыклад, у мінулым годзе да студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў ВДУ далучыліся прадстаўнікі абласной і гарадской улады, супрацоўнікі банкаў i падатковай інспекцыі.
Сёлета акцыя «Праз дыялог моў – да душы, да сэрца» адбылася ўжо ў восьмы раз і праводзілася на базе віцебскіх школ і гімназій, дзе праходзяць практыку студэнты факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый.
З 15 па 18 сакавiка ўсе ахвотныя маглi напісаць дыктоўку на рускай ці беларускай мовах. Мэта напiсання дыктовак – прадэманстраваць роўнасць статусаў беларускай і рускай моў у Рэспубліцы Беларусь, прыцягнуць увагу грамадства да пісьменнасці як найважнейшага паказчыка адукацыйнай культуры чалавека i зацікавіць насельніцтва ў павышэнні культуры пісьма.
Праверылi свае веды па беларускай i рускай мовах падчас напісання дыктанта вучні СШ № 40, СШ № 6, СШ № 45, Гiмназii № 2 i Гiмназii № 3.
Падчас збораў па падрыхтоўцы да IV этапу Рэспубліканскай алімпіяды да акцыі "Праз дыялог моў - да душы, да сэрца" далучыліся i вучні 9-11 класаў – пераможцы абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
На базе філіяла кафедры беларускага мовазнаўства ў СШ 4 г. Віцебска ў напісанні дыктанта па беларускай мове ўдзельнічала адміністрацыя школы: дырэктар Данілава Н.У., завучы Шлык П.М. і Караткевіч Г.С.