Менавіта такую назву атрымала мерапрыемства, прымеркаванае да Сусветнага дня паэзіі, якое адбылося 19 сакавіка ў Народным літаратурным музеі ВДУ імя П.М. Машэрава. Імпрэза стала працягам інтэграванага праекту кветкі ў мастацтве і музыцы «Прыгажосць уратуе свет». Арганізатарам выступіла загадчык літаратурнага музея, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга Іванаўна Русілка.
Трэба адзначыць, што галоўнай ідэяй гэтага праекту было чытанне вершаў уласнага напісання. Распачала імпрэзу Алена Крыклівец, загадчык кафедры літаратуры, доктар філалагічных навук, дацэнт, якая прачытала свой верш на рускай мове. Дарэчы, Алена Уладзіміраўна нарадзілася менавіта 21 сакавіка, у Сусветны дзень паэзіі.
Пасля гэтага студэнты факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый прачыталі свае вершы як на беларускай, так і рускай мовах. А студэнтка з Туркменістана Айна Бяшэрава выступіла з творам на туркменскай мове. Пакуль дзяўчына піша вершы па-туркменску, але абяцае, што напіша і па-руску.
Напрыканцы імпрэзы Вольга Іванаўна прачытала верш свайго настаўніка Ніла Гілевіча «Спявайце, юныя паэты!». Далей усіх прысутных чакаў салодкі пачастунак. Гэтае мерапрыемства падарыла добры настрой на ўвесь дзень.
Аўтар Кацярына Левікіна, студэнтка 3 курса ФГіМК