14 верасня ў холе абласной бібліятэкі адчынілася выстава твораў аднаго са старэйшых выкладчыкаў мастацка-графічнага факультэта Вячаслава Вячаслававіча Шамшура (працуе ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя С.М. Кірава (зараз – ВДУ імя П.М. Машэрава) з 1970 года). Мастак, які адзначыў у жніўні 80-гадовы юбілей, прысвяціў сваю выставу другому юбілею – 100-годдзю абласной бібліятэкі, чытачом якой з’яўляецца з 1962 года.
Вячаслаў Шамшур нарадзіўся ў 1942 годзе ў в. Пціцкія Міёрскага раёна. У 1970-м – скончыў мастацка-графічны факультэт ВДПІ імя С.М. Кірава, пазней – аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР (1978). Кандыдат мастацтвазнаўства (1980), прафесар (1993), сябра Беларускага саюза мастакоў (1993).
Навуковыя даследаванні спалучае з творчай дзейнасцю. З’яўляецца адным з аўтараў выдання “Гісторыя беларускага мастацтва” ў шасці тамах, манаграфіі “Празднества революции”, шэрага вучэбных і метадычных дапаможнікаў, шматлікіх навуковых артыкулаў па гісторыі беларускага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Стварыў нізкі твораў: “Дарога на Мёры”, “Паазер’е”, “Віцебск вядомы і невядомы” і інш., мноства асобных работ у тэхніцы лінарыту, пастэлі і алейнага жывапісу.