12 кастрычніка ў Мінску ў арт-гасцінай «Высокае мѣста», філіяле музея г. Мінска адкрылася выстава мастацкага праекта «Transition» (Пераход) вядомай беларускай мастачкі Таццяны Макляцовай. Куратарам праекта выступіў выкладчык ВДУ імя П.М. Машэрава Міхась Цыбульскі.
Англамоўная назва мастацкага праекта з’явілася зусім не выпадкова. На думку мастачкі, слова «Transition» акрэслівае больш шырокі спектр лексічных значэнняў, кожнае з якіх у пэўным кантэксце закранае яе творчасць і адлюстроўвае адну з граняў прадстаўленага праекта. Яго цэнтральны вектар – адлюстраванне трансфармацый у творчай манеры Т. Макляцовай, руху яе мастацкай свядомасці і пераходаў ад аднаго тыпу вобразна-пластычнага мыслення да другога.
У дадзеным выставачным праекце прадстаўлены як творы, што былі выкананыя ў папярэдні час і экспанаваліся на шматлікіх выставах, пачынаючы з 2016 года, так і новыя кампазіцыі. Эксперымент, які Т. Макляцова выбрала як асноўную стратэгію ў сваёй творчасці, не толькі спрыяе дынаміцы мастацкага працэсу, але і спараджае навізну і арыгінальнасць у яе кампазіцыях.
Універсальным сродкам візуалізацыі ідэй для Таццяны Макляцовай, безумоўна, з’яўляецца калаж. Для яе гэта не проста пэўны прынцып арганізацыі мастацкага матэрыялу ў творах, але своеасаблівая форма творчай свабоды, якая прадстаўляе магчымасць звароту да нелінейнага метафарычнага мыслення, да пошуку парадаксальных рашэнняў, нечаканых візуальных і сэнсавых асацыяцый, да адлюстравання нечага неардынарнага і непрадказальнага.
Таццяна Макляцова нарадзілася ў г. Крамянчуг (Украіна) у 1966 годзе. Скончыла Днепрапятроўскае мастацкае вучылішча (1985), Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны інстытут (1994). З 1995 года выкладае на кафедры дызайну і моды ВДТУ. З 1996-га арганізуе персанальныя мастацкія праекты. З'яўляецца пастаянным удзельнікам выставачных праектаў «Абстракт», «Пантон», «Нітра» (2003-2005) (Віцебск), а таксама праектаў сучаснага мастацтва «Абстракт», «Калаж», «Канструкцыя» (Мінск).
У 2019 годзе атрымала Гран-пры Чацвёртай Беларускай трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У 2021 годзе трэцяе месца ў першым трыенале канцэптуальнага мастацтва «Канцэпт 21». Заняла першае месца на IV Трыенале тэкстыльнага мастацтва і сучаснага габелена ў намінацыі «Лепшы арт-аб'ект у інтэр'еры» (2022, Масква, Царыцына).
З 2019 года Таццяна Макляцова з’яўляецца старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз мастакоў».
Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы