16 снежня ў залах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у Мінску адбылося адкрыццё юбілейнай выставы выкладчыка кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава (1979-2014), вядомага прадстаўніка Віцебскай школы акварэлі Аляксандра Карпана. Дадзеная выстава стала першай у рамках арганізаванага ў мастацкім музеі філіяла кафедры выяўленчага мастацтва. У адкрыцці выставы прыняла ўдзел дэлегацыя нашага ўніверсітэта, у склад якой ўвайшлі калегі А. Карпана, яго вучні, сям’я мастака.
Аляксандр Карпан (06.11.1953 – 18.08.2016) – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў сусветна вядомай Віцебскай школы акварэлі. Без перабольшванняў, ён яе гонар, адзін з самых таленавітых беларускіх акварэлістаў канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. І яго творы таму выдатнае пацвярджэнне.
Як мастак Аляксандр Карпан сфармаваўся на пачатку 1980-х гадоў, абраўшы ў якасці асноўных творчых арыенціраў прынцыпы рэалістычнага, фігуратыўнага жывапісу і іх інтэрпрэтацыю ў сучасным кантэксце. Аднолькава таленавіта Аляксандр Карпан працаваў у розных жанрах, хоць і аддаваў перавагу нацюрморту, пейзажу і партрэту. Творы мастака адрозніваюць падкрэсленая глыбіня вобразнасці, вытанчанасць пластычнай мадэліроўкі формы, высокае майстэрства выканання і непаўторная індывідуальная стылістыка.
За апошнія два дзесяцігоддзі свайго жыцця А. Карпан атрымаў прызнанне і найвышэйшыя адзнакі прафесіяналаў і гледачоў на буйных міжнародных акварэльных біенале ў Каўнасе (Літва), Шэньжэне (КНР), Санкт-Пецярбургу і Петразаводску (Расія), Віцебску і Полацку (Беларусь). Мастак неаднаразова праводзіў майстар-класы ў Віцебску, Мінску, у арт-цэнтры імя Марка Ротка ў г. Даўгаўпілсе (Латвія), у анлайн-прасторы.
Аляксандр Карпан быў адным з самых паважаных педагогаў па мастацтву на мастацка-графічным факультэце, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. За гады працы на кафедры выяўленчага мастацтва ён падрыхтаваў вялікую колькасць вучняў, многія з якіх сталі яркімі творчымі індывідуальнасцямі і сёння вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы