З 4 па 8 снежня ў ВДУ імя П.М.Машэрава праходзіў Фестываль беларускага слова. На гэтыя дні была запланавана мноства мерапрыемстваў : лекцыі, канферэнцыі, канцэрты, сустрэчы з дзеячамі беларускай культуры, навукі і мастацтва.
Першы дзень адзначыўся цырымоніяй адкрыцця. На сцэне студэнты спявалі, чыталі вершы, выступіў універсітэцкі танцавальны гурт "Беларусачкі".
Акрамя гэтага сябе праявілі вучні Сярэдняй школы №4. г. Віцебска, якія выканалі песню "Слуцкія ткачыхі» (М. Багдановіч). Бліжэй да закрыцця цырымоніі з папуры на аснове народных матываў і знакамітых беларускіх песень выступілі студэнты педагагічнага факультэта.
Удзельнікаў адарылі гучнымі апладысментамі, панавала сяброўская атмасфера.
У холе шостага паверха можна была азанёміцца з выставай навуковых прац выкладчыкаў кафедры беларускага мовазнаўства.
Шостага снежня ў рамках Фестывалю беларускага слова прайшло цудоўнае мерапрыемства – Літаратурная гасцёўня "У вянок песняру”, падчас якой госці і студэнты філалагічнага факультэта чыталі і абмяркоўвалі паэтычныя творы на беларускай мове. Гучалі як вершы класікаў беларускай літаратуры, так і вершы сучасных паэтаў. Сярод выступоўцаў былі: паэт Уладзімір Антонавіч Папковіч, паэтэса Алена Іванаўна Гінько, загадчыца беларускамоўнай часткі ў тэатры "Лялька" Людміла Сіманёнак, дацэнт кафедры літаратуры і паэтэса Вольга Іванаўна Русілка, паэт і кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі
Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Алесь Замкоўскі, рэдактар газеты «Мы і час» Анастасія Пятроўна Лазебная, дацэнт кафедры літаратуры Ганна Віктараўна Навасельцева.
Праграма атрымалася насычаная. Прысутныя змаглі нацешыцца цудоўным паэтычным словам і паглядзелі невялічкія ролікі Алеся Замкоўскага і Вольгі Іванаўны Русілкі, адснятыя на іх вершы.
Прыемна парадавалі прысутную публіку маленькія прэзенты, якія раздала Людміла Сіманёнак. На заключэнне, арганізатары мерапрыемства выказалі сваю падзяку ўсім прысутным і пажадалі факультэту творчых поспехаў.
У той жа дзень быў прадэманстраваны навукова-папулярны фільм у гонар паэта і празаіка Якуба Коласа "Я падарожнiк у часе". На пасяджэннi прысутнiчалi першакурснікі спецыяльнасці "Беларуская філалогія", каб пашырыць свае веды пра паэта, які ўнёс значны ўклад у нацыянальную літаратуру.
Скончыўшы прагляд, студэнты выказалі меркаванне пра фільм. У ім паказана жыццё паэта праз яго творчасць і творчасць праз жыццё. Моладзь таксама даведалася пра некаторыя моманты з біяграфіі, якія не знойдзеш у падручніках.
Некаторыя студэнты прачыталі знакамiтыя вершы Якуба Коласа, якія прасякнуты любоўю да Радзімы і жыцця.
У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адбыўся майстар-клас доктара мастацтвазнаўства Таццяны Віктараўны Катовіч і мастацкага кіраўніка тэатра Мiхася Дзмітрыевіча Краснабаева.
Сустрэча была прысвечана памяці Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча.
Сёмага снежня на шостым паверсе дзейнічала паэтычная пляцоўка «Слова – песня, слова – чары», на якой студэнты фiлалагiчнага факультэта чыталі творы знакамiтых паэтаў Беларусi: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Мiхася Стральцова, Анатоля Вярцiнскага, Максiма Багдановiча, Лёлі Багдановiч i г.д. Гледачы падтрымлівалі выступоўцаў апладысментамі, абменьваліся ўсмешкамі і эмоцыямі. Мерапрыемства прайшло у цёплай атмасферы, з пашанай да беларускага слова.
Адбылося сумеснае пасяджэнне студэнцкага навуковага гуртка кафедры "Мова ў кантэксце культуры" і вучняў СШ №4.
Адкрылі гэтую падзею другакурснікі : выканалі песню "Беларусь мая, сінявокая", распавялі пра вясельны абрад і прачыталі свае даклады.
Першакурснікі шмат цікавага расказалі пра ручнік. Напрыклад, раней яго перадавлі з пакалення ў пакаленне, бо верылі, што ён аберагае ад злых духаў.
Потым Кацярына Півавар (адна з кіраўнікоў гуртка) прапанавала зрабіць ільняных анёлаў. Гэта вельмі зацікавіла як вучняў, так і выкладчыкаў.
Пасля такога забўляльнага адпачынку пачалася гадзіна бардаўскай песні.
На нашай мове спявалі студэнты біялагічнага (К. Макавіцкі, І. Сасноўская), гістарычнага (А. Сабітаў), мастацка-графічнага (Ганна Пяцько), ну і, канешне, філалагічнага (В.Шарахай, Ю.Тамашэвіч) факультэтаў. А першакурснікі А. Мажэйка і В. Касцючэнка выканалі сваю версію славутага верша М.Багдановіча "Раманс". К. Волкава паказала прэзынтацыю са сваімі ўлюблёнымі беларускімі гуртамі : Hurma, Vuraj, HandMade, NRM, Navi і г.д.
Восьмага снежня адбылася цырымонія закрыцця фестывалю.
Фальклорны гурт педагагічнага факультэта "Вясёлка" жадаў нам шчасця праз песню, а ансамбль "Перапёлачка" (гімназія №3) паказаў шмат харэаграфічных замалёвак. Навучэнцы нашага музыкальнага каледжа імя Салертынскага ігралі на цымбалах. Было бачна, як хлопцы і дзяўчаты паважаюць і любяць тое, чым займаюцца.
Яна Налівайка вельмі віртуозна выканала на дудзе сусветна вядомую кампазіцыю "Der einsame Hirte", якая з нямецкага перакладаецца як "Адзінокі пастух". Парадваліся і фанаты гурта "Nizkiz", бо Лях Аляксандра праспявала "Небяспечна". А Марыя Бабашка выканала "Па-над белым пухам вішняў" (на верш М.Багдановіча). Здзівілі і студэнты з Туркменістана, якія выказалі цікавасць да нашай культуры, прачытаўшы вершы "Маці" і "Вы шуміце, шуміце" (Н.Гілевіча).
Самая маленькая ўдзельніца фестывалю - гэта Гайліт Ангеліна, якая ўзняла настрой нават самым-самым сумным. Дзяўчынка праспявала прыпеўкі. Нельга было не ўсміхнуцца, гледзячы на яе.
Марк Польнікаў і Яна Налівайка разам з вакальнай групай філфака далі надзею на "Новы дзень" (песня гурта "Sonica"). Педагагічны факультэт распавёў пра жыццё вясковых дзяўчат. Як яны гэта зрабілі? Праспявалі "Ох я, малада".
Завершылася мерапрыемства харэаграфічным нумарам "Лявоніха" гурта "Перапёлачка".
Тыдзень быў сапраўды цудоўным. Маладое пакаленне атрымала магчымасць пашырыць свае веды ў нашай культуры i далучыцца да мастацтва.
Фестываль беларускага слова захапiў сваёй непараўнальнай чароўнасцю, непаўторным каларытам i сакавітым гучаннем роднай мовы.
Аўтары: Вольга Цямрук, Лiзавета Ежгурова, Яна Малчанава. Фота: Ілля Канавальчанка
© Прэсс-цэнтр філалагічнага факультэта
© Аддзел медыякамунікацый “Медыяцэнтр ВДУ”