У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, учора, 13 сакавіка, у актавай зале галоўнага корпуса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта «Паэтычны тэатр на філалагічным» прадставіў спектакль пад назвай «Свет са светам судакранаюцца».
Прэм'ера імпрэзы супала з правядзеннем штогадовай агульнаўніверсітэцкай акцыі «Праз дыялог моў – да душы, да сэрца».
Такога роду пастаноўкі ўжо сталі візітнай карткай філалагічнага факультэта. Студэнты з задавальненнем прымаюць удзел у іх падрыхтоўцы: ад напісання сцэнарыя да падбору касцюмаў і музычнага суправаджэння.
Задача спектакля «Свет са светам судакранаюцца» – прадэманстраваць гледачу ўнутраную барацьбу паэта, перад якім стаіць нялёгкі выбар: з аднага боку, слава, грошы і дабрабыт, з другога – магчымасць захаваць свае вершы ў першапачатковым выглядзе і не згубіць сябе.
Разам са студэнтамі і выкладчыкамі нашага ўніверсітэта спектакль глядзелі студэнты з Wayne State University (г. Дэтройт, штат Мічыган). А потым хлопцы і дзяўчаты з Амерыкі таксама захацелі выступіць на сцэне: яны прачыталі вершы на англійскай і рускай мовах.