18 лістапада на мастацка-графічным факульцеце ВДУ імя П.М. Машэрава адбылося адкрыццё выставы кафедры графікі Латвійскай акадэміі мастацтваў “Пашпарт латвійскай графікі”. У прасторы былі прадстаўлены каля 30 графічных твораў у розных тэхніках друку.
Сінція Паура, консул Латвійскай рэспублікі ў Віцебску:
—Я заўсёды кажу, што ў культуры граніцы не існуюць. Мне вельмі прыемна, што дадзеная выстава пачынае сваю працу 18 лістапада, у Дзень Незалежнасці Латвійскай рэспублікі. На працягу некалькіх гадоў Латвійская акадэмія мастацтваў і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава сумесна рэалізуюць розныя праекты і консульства з радасцю іх падтрымлівае.
Латвійская акадэмія мастацтваў была заснавана ў 1919 годзе, а ў 1921 у акадэміі была створана кафедра графікі. На працягу амаль стагоддзя гэта кафедра з’яўляецца вядучай у развіціі нацыянальнай графічнай школы, спрыяе фарміраванню шэрагу пакаленняў яе славутых прадстаўнікоў, уносіць вялікі ўклад у развіццё новых накірункаў графікі. Сёння на кафедры падрыхтоўка вядзецца па двух накірунках — “графічнае мастацтва” і “мастацтва кнігі”.
Гунтарс Сіеньцыш, кіраўнік кафедры графікі Латвійскай акадэміі мастацтваў, прафесар, куратар выставы:
— Я вельмі рады супрацоўніцтву з вашым універсітэтам, таму што Віцебск — важны горад у гісторыі прафесійнага мастацтва Латвіі. У 20-я гады мінулага стагоддзя тут жылі і працавалі шмат латышскіх мастакоў і педагогаў. Гэта выстава з фондаў нашай акадэміі. На ёй прадстаўлены работы студэнтаў, якія ўжо скончылі ўніверсітэт і сталі прафесійнымі мастакамі. Упэўнены, што падобныя праекты — гэта толькі пачатак сумеснага шляху вашага універсітэта і нашай акадэміі.
Дзякуючы дзейнасці кафедры, латвійская графіка вылучаецца ў агульнаеўрапейскай мастацкай прасторы сваёй нацыянальнай самабытнасцю і сучасным узроўнем вобразна-пластычнага мыслення.
Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства ВДУ імя П.М. Машэрава, куратар выставы:
— Выстава графікі ў прасторы худграфа — гэта лагічны працяг супрацоўніцтва з Латвійскай акадэміяй мастацтваў. Да гэтага мы ўжо прывозілі выставы студэнтаў і магистарнтаў кафедры тэкстылю. Выстава “Пашпарт латвійскай графікі” рэтраспектыўная: прадстаўлены работы рознага часу, розных мастакоў. Хочацца паказаць увесь спектр таго, што адбываецца ў мастацтве Латвіі, у сістэме навучання Латвійскай акадэміі. Думаю, што ў рамках існуючага дагавора, у рамках нашых добразычлівых сустрэч і абмену выставамі, мы будзець радаваць студэнтаў новымі проектамі.
©Аддзел медыякаммунікацый “Медыяцэнтр ВДУ”,
Міхась Цыбульскі