21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ВДУ таксама далучыліся да свята. У нашым універсітэце прайшоў анлайн-марафон «110 год мова гучыць у ВДУ», падчас якога ўдзельнікі чыталі вершы на беларускай мове. Пляцоўкамі для выступаў паслужылі хол першага паверха галоўнага корпуса, а таксама вучэбныя карпусы №2, 3 і 4.
Назва анлайн-марафона невыпадковая. Для Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава 2020 год – юбілейны. У лістападзе будзе адзначацца 110-годдзе са дня заснавання нашай вышэйшай навучальнай установы. За гэты час універсітэт стаў сапраўднай кузняй высокакваліфікаваных кадраў для горада, вобласці і краіны, а яго выпускнікі вядомыя далёка за межамі нашай рэспублікі.
Не менш таленавітыя, разумныя і крэатыўныя студэнты вучацца ў ВДУ сёння. Яны актыўна прымаюць удзел у анлайн-марафоне «110 год мова гучыць у ВДУ». Дарэчы, да з’яўлення анлайн-марафона ва ўніверсітэце існаваў праект «Мова гучыць». На працягу трох год у гэты дзень усе жадаючыя маглі размясціць у сацыльянай сетцы Instagram відэа, на якім студэнт ці выкладчык чытае верш на беларускай мове, паставіць хэштэгі #мовагучыць і #ВГУмашерова і адзначыць афіцыйны акаўнт ВДУ @tvu.vsu.
У юбілейны год вершы вядомых беларускіх паэтаў і аўтарскія творы гучалі не толькі ў Інтэрнэце, але і ў рэальнасці – у вучэбных карпусах універсітэта.
Было запланавана прачытаць у Міжнародны дзень роднай мовы 110 вершаў – столькі ж, колькі год спаўняецца ВДУ. Удзельнікі марафона цудоўна справіліся з задачай і нават перавыканалі яе, прачытаўшы больш за 120 твораў.
Фото «Медиацентр ВГУ»