29 кастрычніка ў Лепельскім раённым краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё персанальнай выставы Ганаровага прафесара ВДУ імя П.М. Машэрава, генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова пад назвай «Мая Беларусь» (куратар выставы – М. Цыбульскі).
На вернісажы прысутнічалі прадстаўнікі абласнога і раённага кіраўніцтва, дэлегацыя з нашага ўніверсітэта, кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў і шэрагу музеяў вобласці.
Выстава Уладзіміра Пракапцова «Мая Беларусь» прымеркавана да Года малой Радзімы і 100 – гадовага юбілею Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі. І гэта невыпадкова: пасля заканчэння ў 1975 годзе мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава (зараз ВДУ імя П.М. Машэрава) Віцебскім абкамам камсамола Пракапцоў быў накіраваны II сакратаром Лепельскага райкама камсамола.
«Лепельшчына з яе цудоўнымі прыроднымі краявідамі і працавітымі людзьмі былі першымі маімі жыццёвымі «ўніверсітэтамі», што фарміравалі мяне як асобу і пакінулі гэты след на ўсё далейшае жыццё», – з удзячнасцю ўспамінае Уладзімір Іванавіч пра сваё камсамольскае юнацтва. У 2012 годзе рашэннем раённага Савета дэпутатаў У.І. Пракапцову прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Лепельскага раёна».
Уладзімір Пракапцоў – сябра Беларускага саюза мастакоў, Ганаровы член Расійскай Акадэміі мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства. У.І. Пракапцоў актыўна працуе як мастак і мастацтвазнаўца, з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх мастацкіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і пленэраў. У сваёй творчасці працягвае традыцыі знакамітай «віцебскай мастацкай школы», плённа працуе ў жанры нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны.
Жывапісныя творы мастака знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Літоўскага мастацкага музея, Беларускага саюза мастакоў, Цэнтры сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва (г. Мінск), Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Добрушскага раённага краязнаўчага музея, Нацыянальнага мастацкага музея Кітая (Пекін), Чунцынскага мастацкага музея (Чунцын, Кітай), у прыватных калекцыях.
У.І. Пракапцоў як мастацтвазнаўца з'яўляецца аўтарам кніг: «Вітольд Бялыніцкі-Біруля», «Фердынанд Рушчыц», «Мікалай Рыжанкоў», «У пошуках прыгажосці і гармоніі»; аўтарам ідэі і навуковым кіраўніком музейных выданняў: «Времен связующая нить», выдавецкіх праектаў «Славутыя мастакі з Беларусі» (сумесна з выдавецтвам «Беларусь»), «Мастакі зямлі беларускай» (сумесна з выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі»), куратарам шматлікіх музейных праектаў, навуковых каталогаў і артыкулаў па мастацтве.
У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя палотны мастака розных перыядаў. Шэраг карцін напісаны У.І. Пракапцовым з азёрных краявідаў Лепельшчыны – другой малой Радзімы, як лічыць сам аўтар. Работа, на якой намалявана Лепельскае возера, застанецца ў раённым музеі назаўсёды.