14-га лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выставы вядомага беларускага жывапісца, выпускніка мастацка-графічнага факультэта Леаніда Мядзведскага. У экспазіцыі пад назвай «Метамарфозы колеру і вобразаў» прадстаўлена больш за 40 партрэтаў, пейзажаў і нацюрмортаў, якія выкананы ў тэхніцы гуашы.

Жывапіс Леаніда Мядзведскага – гэта аўтарская імправізацыя, дзе ўсё пабудавана на эмоцыях і пачуццях, уласнай оптыцы ўспрыняцця мастаком рэальнасці. Нягледзячы на тое, што пераважная большасць яго твораў напісана з натуры, менавіта жывапісна-пластычная інтэрпрэтацыя аб’ектаў адлюстравання ў пейзажах, партрэтах і нацюрмортах вызначае асаблівасці аўтарскай манеры Мядзведскага. Падкрэсленая ўвага да элементаў кампазіцыі, формы, колеру спрыяе стварэнню арыгінальных вобразных канструкцый. Абстрагіруючыся ад прадметнасці, абапіраючыся пры гэтым на асацыятыўнасць колеру і вызначальную ролю рытму, мастак аддае перавагу вольнай мабільнасці выяўленчай матэрыі.

Леанід Мядзведскі скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава ў 1983 годзе, сярод яго выкладчыкаў – Л.С. Анцімонаў, В.А. Ляховіч, кіраўнік дыпломнай работы па жывапісе – А.Р. Арлоў.

На працягу многіх гадоў Леанід Мядзведскі выкладаў у дзіцячай мастацкай школе №1 г. Віцебска (1983 – 2017). З 1982 года быў удзельнікам мастацкіх выстаў і вялікай колькасці пленэраў і творчых сімпозіумаў (Беларусь, Германія, Ізраіль, Латвія, Літва, Польшча, Фінляндыя). З’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў (1997).

Мастак – уладальнік дыплома 1-й ступені на біенале графікі (2008, Санкт-Пецярбург, Расія), дыплома міжнароднай біенале акварэлі (2015, Шэньчжэнь, Кітай). Творы Л. Мядзведскага знаходзяцца ў зборах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, музея Марка Шагала ў Віцебску, мастацкай галерэі Полацка, музея г. Нінбурга (Германія), музея Марка Роткі (Даўгаўпілс, Латвія), Цэнтра сучаснага мастацтва «Марс» (Масква, Расія), у прыватных калекцыях у Беларусі, Латвіі, Літве, Расіі, Францыі, Германіі, Фінляндыі, Ізраілі.

Міхась Цыбульскі,
кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы.

1 2 3
4 5 6
7 8 9

ГодКачества Юбилей105Лет МолодежьПротивНаркотиков ПравовойФорум МолодежьБеларуси ПравоБу
ПатриотБу АбитуриентБу ВитебскиеВести РейтенговаяОценка qr code 3 СтадиИнБу
Трудоустройство ЭкспортБу Витьбичи

@ Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава"