Творчасць Уладзіміра Папковіча добра вядома аматарам беларускага прыгожага пісьменства. З 1966 года жыве і працуе ў Віцебску. З 1982 года – старшы выкладчык, пазней загадчык кафедры нямецкай мовы ВДУ імя П.М. Машэрава. У дадзены час знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Друкавацца пачаў з 1962 года на старонках рэспубліканскіх часопісаў “Нёман”, “Маладосць”, “Полымя”, альманахах “Далягляды”, “Братэрства” і інш. Аўтар паэтычных зборнікаў “На досвітку”(1978), “Зерне”(1982), “Самы кароткі цень”(1988), “На тым стаю”(2004), “Рэшта”(2010), “Пасля свята”(2013), ”Як ёсць”(2015). Перакладаў з нямецкай мовы на беларускую творы Ё. Бэхера, Р. Крафта, Ф. Шылера, Э. М. Рэмарк, Ш. Цвайга, В. Гаўфа і інш. Перастварыў на нямецкую мову паэму К. Вераніцына “Тарас на Парнасе” (2003). Новая кніга віцебскага аўтара “На шалях лёсу”(2017) разнастайная па праблематыцы, багатая па настраёвасці, шчырая і спавядальная па гучанні, захапляе жыццёвай мудрасцю і асаблівай назіральнасцю, пільнай увагай да нюансаў чалавечага быцця.