28 мая ў выставачнай зале мастацка-графічнага факультэта адкрылася выстава выкладчыкаў кафедры выяўленчага мастацтва “Пленэрныя вандроўкі”. У адкрыцці выставы прыняла ўдзел Першы прарэктар ВДУ імя П.М.Машэрава В.В.Багатырова, якая ў сваёй прамове адзначыла асаблівую значнасць творчых спецыяльнасцяў у структуры ўніверсітэта.
У дадзенай экспазіцыі прадстаўлены творы адзінаццаці выкладчыкаў кафедры выяўленчага мастацтва. На рэтраспектыўнай выставе можна ўбачыць жывапісныя і графічныя работы, якія былі выкананы на пленэрах у розныя гады, у розных кутках Беларусі і ў замежжы. У экспазіцыйнай прасторыі эцюды і замалёўкі скампанаваны блокамі, кампактна прадстаўляючы творчасць таго, ці іншага мастака.
Для пераважнай большасці жывапісцаў і графікаў, якія не “замыкаюць” сваю творчасць у прасторы майстэрні, неабыякава адносяцца да гармоніі і прыгажосці прыроднага свету, пленэр заўжды быў і застанецца сапраўднай крыніцай новых уражанняў. І зусім не важна: пачынаючы гэта жывапісец, ці сталы майстар. Агульнавядома, што праца на пленэры, жывапіс і маляванне з натуры развіваюць творчыя здольнасці, садзейнічаюць росту прафесійнага майстэрства, праяўленню індывідуальнасці мастака. Менавіта таму, неаднойчы шматлікія майстры выяўленчага мастацтва, казалі аб тым, што пленэр – вышэйшая школа жывапісу.
Праца на пленэры патрабуе ад мастака рашэння мноства задач. Але ў любым выпадку гэта працэс творчы. Для мастака на пленэры ёсць магчымасць не толькі адлюстраваць у сваім творы эмацыйнае захапленне ад убачанага, перадаць той, ці іншы настрой, але і прадэманстраваць гледачу свае паэтычныя, вобразныя і стылістычныя прыярытэты. Не выпадкова замалёўкі і эцюды заўсёды былі абавязковай часткай прафесійнай падрыхтоўкі выбітных майстроў пейзажнага жывапісу.
Ці не асноўнае ў працы на пленэры гэта перадача бязмежнай шматграннасці сонечнага асвятлення, мноства разнастайных рэфлексаў і заўжды ўнікальнага стану паветранага асяроддзя. Толькі пленэрны жывапіс дазваляе зразумець, адчуць наколькі цесна і трывала злучаны свет прыроды і свет чалавека.
Міхась Цыбульскі
кандыдат мастацтвазнаўства