5 снежня ў Віцебскім Мастацкім музеі адбылося адкрыццё выставы славутага беларускага акварэліста, у недалёкім мінулым нашага калегі Аляксандра Карпана (1953-2016). Дадзеная экспазіцыя, прымеркаваная да 65-гадовага юбілею мастака, уключае кампазіцыі, што былі напісаны ў розны час. Ёсць сярод іх і творы апошняга года яго жыцця.
Гэта выстава, нібыта дзіўны калейдаскоп застыўшых у часе цудоўных, шчаслівых і непаўторных імгненняў творчасці выдатнага майстра акварэлі. Увасобленыя ў чаруючых сваёй вытанчанасцю і прафесіяналізмам работах гэтыя імгненні дазваляюць дакрануцца да сапраўды ўнікальнай з’явы ў гісторыі віцебскай акварэльнай школы. Без перабольшванняў, Аляксандр Карпан – яе гонар, адзін з самых таленавітых беларускіх акварэлістаў канца ХХ пачатку ХХІ стагоддзя. І творы гэтага мастака таму выдатнае паццвярджэнне.
Аляксандр Карпан нарадзіўся 6 лістапада 1953 года ў г. Стараканстанцінаў ва Ўкраіне. У 1979 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута імя С.М. Кірава, дзе вучыўся ў выдатных майстроў графікі і акварэлі – І.М. Сталярова і А.І. Мемуса.
З 1979 па 2014 гг. Аляксандр Карпан выкладаў малюнак, жывапіс і кампазіцыю на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Ён быў адным з самых паважаных педагогаў па мастацтву, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. З 1991 года з'яўляўся сябрам Беларускага саюза мастакоў. Вялікую ролю ў творчасці Карпана, па яго прызнанні, мелі стажыроўкі ў Маскоўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя У.І. Леніна ў К.М. Максімава і М.М. Растоўцава. А таксама ў Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбурга ў Д.І. Волкавай і М.М. Герасімава.
Як мастак Аляксандр Карпан сфармаваўся напачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя, абраўшы ў якасці асноўных творчых арыенціраў прынцыпы рэалістычнага, фігуратыўнага жывапісу і пачуццё гармоніі. Здаецца ніколі ў жыцці ён не імкнуўся пераймаць чужыя манеры пісьма, быў шчыры, але пры тым з асаблівай павагай адносіўся да самых розных стыляў, эксперыментаў, шматграннага сусветнага мастацкага вопыту. Пры усёй сур’ёзнасці стаўлення да мастацтва ён пісаў свае акварэлі неяк надзвычай лёгка, здавалася што неутаймаваная стыхія адной з найбольш складаных тэхнік жывапісу была для яго зразумелай і цалкам яму падуладнай. Аднолькава таленавіта Карпан працаваў у розных жанрах, хоць і аддаваў перавагу нацюрморту, пейзажу і партрэту. Творы мастака адрозніваюць падкрэсленая глыбіня вобразнасці, высокае майстэрства выканання і, канешне ж,. непаўторна індывідуальная стылістыка.
Пачынаючы з 1979 года Аляксандр Карпан з'яўляўся актыўным удзельнікам абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаў, міжнародных і рэспубліканскіх пленэраў, прысвечаных І. Хруцкаму, С. Заранка, Я. Драздовічу, І. Сікоры, В. Быкаву і Р. Барадуліну. За апошнія два дзесяцігоддзя А. Карпан атрымаў прызнанне і найвышэйшыя адзнакі прафесіяналаў і гледачоў на буйных міжнародных акварэльных біенале ў Каўнасе (Літва), Шэньжэне (КНР), Санкт-Пецярбургу і Петразаводску (Расія), Віцебску і Полацку (Беларусь). Мастак неаднаразова праводзіў майстар-класы ў Віцебску, Мінску, у Цэнтры Марка Ротка ў г. Даўгаўпілсе (Латвія), у онлайн-прасторы.
За гады сваёй працы на кафедры выяўленчага мастацтва Аляксандр Карпан падрыхтаваў вялікую колькасць вучняў, многія з якіх сталі яркімі творчымі індывідуальнасцямі і сёння вядомыя не толькі ў Беларусі але і за яе межамі.
Творчасць Карпана адзначана граматай Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, граматамі Беларускага саюза мастакоў, ён неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і ганараваўся званнем лаўрэата на міжнародных выставах-конкурсах акварэлі. Мастак узнагароджаны юбілейным медалем Таварыства акварэлістаў Санкт-Пецярбурга. Сярод апошніх дасягненняў мастака – прэмія гарадской думы горада Ліепая, атрыманая ім літаральна за месяц да смерці па выніках удзелу ў міжнародным пленэры «Ліепайская марына – 2016».
Творы Аляксандра Карпана захоўваюцца ў зборах Полацкага гісторыка- архітэктурнага музея-запаведніка, Віцебскага мастацкага музея, аддзела культуры г. Нінбурга (Германія), аддзела культуры г. Вецлара (Германія), Саюза мастакоў г. Брэмена (Германія), Таварыства беларуска-нямецкага сяброўства г. Куксхафэна (Германія), а таксама ў прыватных калекцыях ў Аўстрыі, Англіі, Беларусі, Бельгіі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Ізраілю, Італіі, Ірландыі, Канады, Кітая, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі і Эстоніі.
Тэкст: Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы
Фотаздымкі: Юрась Шэпелеў