18 лістапада ў межах “Дзён мастацтва Латвіі ў Віцебску” у Віцебскім мастацкім музеі адкрылася персанальная выстава графічных твораў Гунтарса Сіеціньша “Квадратура круга”. Сярод арганізатараў святочнага праекта ў гонар 101 гадавіны Незалежнасці Латвіі: ВДУ імя П.М.Машэрава, Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску і Латвійская акадэмія мастацтваў. Гунтарс Сіеціньш (Guntars Sietiņš (1962) - мастак-графік, прафесар Латвійскай акадэміі мастацтваў, загадчык кафедры графікі. Мастак таксама працуе ў галіне графічнага дызайну і дызайну кнігі. У апошнія гады ён праводзіў персанальныя выставы ў Латвіі, Літве, Італіі, Польшчы, Венгрыі, Расіі, Швецыі і Германіі. Удзельнічаў у важных міжнародных выставах графікі ў Латвіі, Літве, Бельгіі, Італіі, Японіі, Карэі, Кітаі, Румыніі, Тайвані, Германіі, Швецыі. Мастак атрымаў узнагароды на міжнародных выставах графікі ў Таліне, Эстонія (1989, 1995); Маастрыхт, Нідэрланды (1993); Фрэдрыкштад, Нарвегія (1995); Варна, Балгарыя (1995); Намюр, Бельгія (1998); Аоморы, Японія (2007); Салонікі, Грэцыя (2008); Сеул, Карэя (2009); Кракаў, Польшча (2009); Екацерынбург, Расія (2017).
Творы Гунтарса Сіеціньша знаходзяцца ў калекцыях у Нацыянальным мастацкім музей Латвіі (Рыга), зборах Swedbank (Рыга) і Банка Латвіі (Рыга), Нацыянальнага мастацкага музея М. К. Чурлёніса і Мастацкай галерэі імя Міколаса Жылінскаса (Каўнас, Літва), Эстонскага мастацкага музея (Талін), Калінінградскай дзяржаўнай мастацкай галерэі (Калінінград, Расія), Екацярынбургскага музея выяўленчых мастацтваў (Расія), Музея Ala Ponzone City (Крэмона, Італія), Мастацкім музеі Клуж-Напока (Румынія), Мастацкім музеі Джундта ва Універсітэце Гонзага (Спокан, ЗША).
Экспазіцыя "Квадратура круга", што прадстаўлена ў віцебскім Мастацкім музеі, уключае 28 графічных лістоў, якія створаны ў 2002 - 2018 гадах.
Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства,
куратар выставы