У студэнтаў педагагічнага факультэта ёсць добрая традыцыя рэгулярна наведваць тэатры нашага горада. Нядаўна юныя педагогі пабывалі ў Беларускім тэатры «Лялька».
У рэпертуары віцебскіх лялечнікаў з'явіўся новы спектакль – «Мой вялікі маленькі Дзядуля». Пастаноўку мастацкага кіраўніка Беларускага тэатра «Лялька» Віктара Клімчука і мастака Дзмітрыя Гаралевіча без перабольшвання можна лічыць эксперыментальнай. Лірычная казка Сяргея Рублеўскага «Тузік-Гузік» натхніла на стварэнне п'есы Вольгу Прусак, вядомую вострасацыяльнымі творамі. У выніку атрымалася фантасмагарычная гісторыя пра адзіноту дзіцяці ў абрыдліва прадказальным сучасным свеце і пра бязмежную любоў дзядулі да сваёй унучкі.
Эксперыментам стала і выкарыстанне мультфільмаў, створаных у дзіцячай анімацыйнай студыі «Мы ёсць!», дзе займаюцца дзеці, што праходзяць лячэнне ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.
У ролі чулага і абаяльнага Дзядулі гледачы змогуць пабачыць Юрыя Франкова. Настаўніца ў бліскучым выкананні Вольгай Маханьковай – постаць адначасова і вельмі тыповая для сучаснай школы і абсалютна казачная. То яна адным позіркам змушае вучняў адчуць сябе нікчэмнымі гарошынамі, то ператвараецца ў дзіцячых трызненнях у пагрозлівую хімеру.
Галоўную ж ролю – кранальнай ў сваёй непасрэднасці дзяўчынкі Лады, стваральніцы і ўладаркі фантастычнага святла, увасобіла зусім юная актрыса «Лялькі» Кацярына Абрамовіч. Іншая дэбютантка, Аляксандра Бурдзілоўская, выканала ролю хлопчыка Ромы.
Асабліва хочацца спыніцца на вобразах, створаных Наталляй Гайдук. Менавіта Гузік, Сонейка і асабліва зграбны задуменны Белы сабака ператвараюць побытавы аповяд пра няпростую адаптацыю да школы – звонку прыгожага, але цеснага і нязручнага пеналу – у чароўную казку, сакрэты якой адкрыюцца толькі ўважліваму гледачу.
Таленавітая ігра акцёраў і эмацыйныя сцэны пра лёс герояў закранулі гледачоў да глыбіні душы, прымушаючы іх перажываць і радавацца разам з персанажамі.
Па матэрыялам ТВУ «Беларускі тэатр «Лялька»