6 сакавіка адбылося адкрыццё выставы «Вясновае натхненне» з фондаў мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава.
Экспазіцыя пабудавана на дыялогу твораў беларускіх і кітайскіх студэнтаў. З 2009 на мастацка-графічным факультэце навучаюцца студэнты Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яны плённа засвойваюць акадэмічную сістэму еўрапейскага мастацтва і ў сваёй творчасці ўвасабліваюць вобразы Віцебска і яго наваколляў, беларускую прыроду, сучаснае прадметнае асяроддзе, якое яскрава сведчыць пра іх цікаўнасць да беларускай культуры і уменне інтэрпрэтаваць яе адпаведна кітайскай традыцыі.
Для кітайскага краявіду заўсёды было характэрна ўменне спалучаць натуральнасць і паэтычнасць, адухоўленасць. Архітэктурныя помнікі Віцебска ў творах кітайскіх мастакоў пададзены праз рамантычны настрой прыроды. “Гарадскі краявід” (2019) Чжуан Сіна прываблівае коляровай феерыяй дынамічнага руху аблокаў над Успенскім саборам, нагадваючы пра гісторыю разбурэння і аднаўлення самага значнага сакральнага помніка Віцебска. Пейзаж Ван Яньбо “Віцебск. Касцёл Св. Варвары” (2013) пабудаваны на суадносінах духоўнага і прыроднага пачатку Сусвету. Узнёслы сілуэт неагатычнай архітэктуры супроцьпастаўлены дрэўцу на першым плане, голыя галінкі якога цягнуцца ў неба. Ледзь заўважная паміж імі постаць чалавека ўспрымаецца маленькай часткай светабудовы.
Нацюрморты дэманструюць характэрнае для кітайскага жывапісу адзінства выяўленчага вобраза, графікі і каліграфіі, а таксама сімвалізм кветак і рэчаў. Паводле традыцыі бамбук з’яўляецца сімвалам няскоранага духу і высокіх маральных вартасцей, архідэя – пяшчоты і вытанчанасці, хрызантэма – сціпласці і ўрачыстасці, сліва мэйхуа – чысціню думак і стойкасць духа.
Партрэтны жанр развіваецца пад уплывам еўрапейскага жывапісу, што найбольш ярка дэманструе карціна “Піяністка” (2013) Лю Чун Хуа. “Аўтапартрэт” (2013) Гэн Чан сінтэзуе паэтычны настрой жаночай мадэлі і адчуванне ўласнай годнасці творцы.
Выстава працуе з 6 па 29 сакавіка 2020 года.