У выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя” выйшла кніга пад назвай “Традыцыйная культура і побыт беларусаў”, аўтарамі якой з’яўляюцца дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Кацярына Сяргееўна Півавар і былы загадчык кафедры Г.А. Арцямёнак, які пайшоў з жыцця ў красавiку 2021 года.
Выданне выйшла ў серыі “Вялікая энцыклапедыя маленькага прафесара” і адрасавана чытачам малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, аднак будзе цікавым і карысным чытачам усіх узростаў, і асабліва студэнтам нашага факультэта. У слоўнік уключаны тыя адзінкі мовы, якія валодаюць культурным фонам, г.зн. некаторым наборам дадатковых звестак і асацыяцый, звязаных з нацыянальнай гісторыяй і культурай.
Кніга – вынік глыбокага аналізу ўсходнеславянскіх лінгвакраіназнаўчых і лінгвакультуралагічных слоўнікаў, а таксама збору матэрыялу на беларускай глебе – лінгвістычных, гістарычных, этнаграфічных, энцыклапедычных крыніц, публіцыстычных і мастацкіх твораў. Структура слоўніка прадстаўлена прадмовай, у якой даецца азначэнне лінгвістычных тэрмінаў (лінгвакультурэмы і лінгвакраіназнаўчай лексікі), і наступнымі раздзеламі: “Традыцыйны побыт беларусаў”, “Свет беларускай прыроды”, “Матчына мова”, “Святочныя традыцыі беларусаў”. Усяго прадстаўлена больш за 120 слоўнікавых артыкулаў.
Трэба адзначыць, што ва ўсходнеславянскім мовазнаўстве выдадзены шэраг лінгвакраіназнаўчых слоўнікаў-даведнікаў, прысвечаных мове і культуры розных краін. Таму стварэнне грунтоўнага слоўніка на беларускай глебе – запаўненне лакуны ў беларускай лінгвістыцы. Не выклікае сумнення важнасць выдання прадстаўленага слоўніка для мовазнаўства, беларусазнаўства, лінгвадыдактыкі, міжкультурнай камунікацыі.
Выданне выйшла тыражом 1500 экземпляраў, якія ў хуткім часе з’явяцца ў кніжных крамах Беларусі.