Сёлета адзначаецца 135-годдзе са дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. З гэтай нагоды 7 кастрычніка 2017 года выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта, члены савета народнага літаратурнага музея ВДУ імя П.М. Машэрава ажыццявілі паездку ў філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы “Ляўкі” Аршанскага раёна. Экскурсія мела за мэту знаёмства з жыццёвым і творчым шляхам Янкі Купалы на Віцебшчыне, а таксама дала магчымасць папоўніць фонды і абнавіць экспазіцыю літаратурнага музея. Студэнты пабачылі не толькі дачу Янкі Купалы, але і хату лесніка, асабісты аўтамабіль паэта – “Шэўрале”, пазнаёміліся з арыгінальнымі экспанатамі, змешчанымі ў музеі.
Акрамя гэтага наведалі літаратурны музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы. Змястоўную экскурсію правяла загадчык музея Ліна Апанасаўна Гатоўская. Разам з ёй студэнты па-новаму адкрылі для сябе асобу Уладзіміра Караткевіча, пазнаёміліся з малавядомымі фактамі жыцця і творчасці.
Вялікую падзяку выкладчыкі і студэнты выказваюць рэктару ўніверсітэта А.У. Ягораву за дапамогу ў арганізацыі экскурсіі.