У пачатку кастрычніка ў Віцебскім мастацкім музеі адбылося адкрыццё “Дзён мастацтва і культуры Латвіі ў Віцебску” суарганізатарам якіх, разам з Консульствам Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску выступіў і наш універсітэт. Куратарам і каардынатарам выставачных праектаў выступіў МЛ. Цыбульскі – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт мастацка-графічнага факультэта.
На адкрыцці выставы прысутнічалі дырэктар Мастацкай школы імя Я.Разэнталя Яніс Дукатс, намеснік дырэктара Ілгнэса Авотіна і метадыст школы Віта Юр’янэ.
Ў гісторыі развіцця латышскага мастацтва ролю Мастацкай школы імя Яна Разэнталя немагчыма перацаніць. Утвораная Латвійскай асацыяцыяй мастакоў у 1896 году школа мастакоў за доўгія гады свайго існавання стала сапраўднай кузняй творцаў, дзе першыя навыкі мастацтва атрымала шмат вядомых майстроў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўнага мастацтва. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што выпускнікі школы складаюць эліту латвійскага мастацтва 20-го і 21-го стагоддзяў:
І сёння Мастацкая школа імя Яна Разэнталя з'яўляецца адной з самых лепшых мастацкіх школ дзе на латышскай мове, дзе на высокім узроўні выкладаюцца асновы акадэмічнага малюнка і жывапісу, а таксама скульптура, фатаграфія, кампутарная графіка, анімацыя, відэа-арт, дызайн інтэрнэт-сайта. Класічная арыентацыя на традыцыі акадэмічнай мастацкай адукацыі не перашкаджае засваенню навацый, эксперыментам. Сведчанне гэтага – высокі ўзровень прафесійнага майстэрства ў дыпломных працах выпускнікоў школы, што прадстаўлены на дадзенай выставе.
Адзначыўшы летась 120 гадоў з дня стварэння, мастацкая школа адзначыла і 70 гадовы юбілей з даты прысваення ёй імя выбітнага латышскага мастака Яна Разэнталя (1866-1916). Да таго ж мінулы 2016 год у Латвіі быў абвешчаны годам Яна Разэнталя, а юбілей мастака ўключаны ў каляндар святочных дзён UNESCO. І гэта невыпадкова: жывапісец, графік, мастацкі крытык Ян Разэнталь (1866-1916) у гісторыі мастацтва Латвіі заняў адно з цэнтральных месцаў на мяжы двух стагоддзяў. Творца абраў для сябе ў якасці жыццёвага шляху нястомны пошук новых ідэй і магчымасцяў. стаўшы адным з заснавальнікаў прафесійнага латвійскага мастацтва.
У наш час большая частка выпускнікоў Мастацкай школы імя Яна Разэнталя – «разэнтальцаў», становяцца студэнтамі Латвійскай Акадэміі мастацтваў, Латвійскай акадэміі культуры, Латвійскага ўніверсітэта, і іншых устаноў культуры і мастацтва. Шэраг выпускнікоў, навучаюцца і ў еўрапейскіх універсітэтах.
У межах “Дзён мастацтва і культуры Латвіі ў Віцебску” 19 кастрычніка ў двух залах Віцебскага Мастацкага музея адкрылася арганізаваная пры самым непасрэдным удзеле мастацка-графічнага факультэта нашага універсітэта і Консульства Латвійскай Рэспублікі персанальная выстава прарэктара Латвійскай Акадэміі мастацтваў, вядомага жывапісца, дызайнера, куратара мастацкіх праектаў Андрыса Віталіньша.
”Творчасць Андрыса Віталіньша выразна прадстаўляе ўрбаністычны накірунак у сучасным мастацтве, сбліжаючы яго жывапіс з графічнай лаканічнасцю праектнага дызайна. У кампазіцыях мастака дамінуюць матывы горада, архітэктурныя будынкі, завадскія металічныя канструкцыі, краны, масты, партовыя збудаванні, аўтамабілі, цягнікі, рухавікі... Выявы складаных тэхнічных канструкцый і аб’ектаў у кампазіцыях Віталіньша ўтвараюць сапраўдныя кампазіцыйныя лабірынты, у якіх важную ролю, безумоўна, адыгрывае колер. Яго насычанасць і графічная мінімалістычнасць абвастраюць у гледача пачуццё асаблівай напружанасці, імклівай дынамікі развіцця навакольнага свету. Вобразы карцін Андрыса Віталіньша – гэта своеасаблівыя знакі часу, сімвалы тэхнагеннай цывілізацыі.
“Я люблю прыроду і сельскую мясцовасць, - адзначае Андрыс Віталіньш, - але я гарадскі чалавек. Я вырас вобразна кажучы “на тратуары”, на асфальце, паміж аўтамабілямі і трамваямі, таму горад у маёй крыві. Мы першае пакаленне падкрэслена індустрыяльных людзей. Мы не маем ніякіх стасункаў з сельскай мясцовасцю, у нас няма ніякіх каранёў і я хацеў паказаць гэта ў сваіх творах. Чалавецтва зачароўвае мяне і, тым не менш, я не малюю людзей. Я пішу аб'екты, створаныя людзьмі. Я назіраю за тым, як чалавецтва развіваецца, пераўтвараючы і змяняючы навакольнае асяроддзе, якое становіцца ўсё больш урбанізаваным”.
Нельга не адзначыць, што Андрыс Віталіньш не толькі вядомы ў Латвіі жывапісец, але і цікавы кніжны графік, таленавіты дызайнер. Сярод яго работ дызайн манеты ў адзін лат з выявай вожыка для Латвійскага банку ў (2012), падарункавыя ўпакоўкі для кампаніі «Латвійскі бальзам» (2014), выдатныя іллюстрацыі для дзіцячых кніг (2005-2013).
1975 – 28 верасня Андрыс Віталіньш нарадзіўся ў г. Ліепая, Латвія
1995 – скончыў Школу мастацтваў і рамёстваў, Рыга
1996 – скончыў факультэт педагогікі Латвійскай акадэміі мастацтваў
1999 – скончыў факультэт дызайну Латвійскай акадэміі мастацтваў
2000 – атрымаў ступень бакалаўра мастацтваў на факультэце візуальнай камунікацыі Латвійскай акадэміі мастацтваў
2002 – атрымаў ступень магістра мастацтваў на факультэце жывапісу Латвійскай акадэміі мастацтваў. Працы ў сферы рэкламы і дызайна, у якасці куратара мастацкіх выстаў. Сябра Саюза мастакоў Латвіі
2007 – выкладчык Латвійскай Акадэміі мастацтваў
2009 – закончыў дактарантуру Латвійскай Акадэміі мастацтваў. Запрошаны выкладчык у Эстонскай акадэміі мастацтваў
з 2010 – старшыня экспертнай камісіі па візуальных мастацтвах ў State Culture Capital Foundation
2010 – дацэнт кафедры жывапісу Латвійскай Акадэміі мастацтваў
2014 – прафесар і кіраўнік кафедры жывапісу Латвіійскай Акадэміі мастацтваў
2017 – прарэктар Латвіійскай Акадэміі мастацтваў
Персанальныя выставы мастака адбыліся ў Цэнтры сучаснага мастацтва Noass (2001, Рыга), галерэі Саюза мастакоў Латвіі, (2004, Рыга), дзяржаўнай гімназіі Валміера, (2005, Валміера), галерэі г.Любляны (2006, Славенія), Латвійскім Нацыянальным мастацкім музеі, выставачнай зале Arsenals (2006, Рыга), Мастацкай галерэі Універсітэта Тарту (2007, Эстонія), галерэі (2007, Рыга), галерэі Promenade (2008, Ліепая), VĀRTI (2010, Вентспілс), галерэі Alma (2011, Рыга), Galerie Nivet-Carzon (2013, Парыж), мастацкім музеі г. Ліепая (2014, 2016, Ліепая), галерэі Tallinn (2016, Эстонія), Тэатры драмы г. Паневежыс (2017, Літва).
Мастак прымаў удзел больш чым у 60 групавых выставах ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Азербайджане, Аўстрыі, Беларусі, Германіі, ЗША, Індыі, Італіі Кітаі, Латвіі, Літве, Люксембургу, Нідэрландах, Расіі, Швецыі, Эстоніі, Францыі.
Міхась Цыбульскі - кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва, куратар выставы
Фота Г.Каржанеўскага