«Фестываль беларускага слова» ладзіцца ў ВДУ чацвёрты год запар. У гэты раз у рамках фестывалю праводзіцца і тыдзень кафедры беларускага мовазнаўства, якая рыхтуе будучых настаўнікаў і супрацоўнікаў СМІ. На шостым паверсе ўніверсітэта ў першы дзень працавала выстава навуковых прац выкладчыкаў кафедры, а ў актавай зале прайшло адкрыццё фестывалю.
Духоўнай каштоўнасцю кожнага народа, як вядома, з’яўляецца яго родная мова. Беларуская мова — гэта скарбніца этнічнай культуры беларусаў. Прыгожая і мілагучная, яна заўсёды была прадметам гонару нашага народа. Трапна напісаў беларускі паэт Алесь Разанаў: «Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор — мова».
Дэкан філалагічнага факультэта, доктар педагагічных навук, прафесар Сяргей Нікалаенка адзначыў, што ўвесь год на факультэце праводзіўся шэраг мерапрыемстваў да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Чацвёрты дзень фестывалю будзе прысвечаны гэтым славутым творцам.
— Кожны год праграма адрозніваецца, робім штосьці новае. Безумоўна, традыцыйна праходзяць сустрэчы з вядомымі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры краіны, — расказаў Сяргей Уладзіміравіч. — У гэтым годзе ўпершыню будзе арганізавана паэтычная пляцоўка, дзе выступяць нашы студэнты, якія пішуць вершы, а таксама выкладчыкі, члены творчых саюзаў. Факультэт і кафедра беларускага мовазнаўства — гэта астраўкі, якія павінны не толькі вучыць роднай мове, але і рабіць усё, каб яна часцей гучала, а людзі ведалі пра знакамітых беларусаў, якія ўносілі і ўносяць уклад у яе развіццё.
Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота Алега КЛІМОВІЧА. Газета «Віцьбічы»