Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.Дзяржаўныя сімвалы – герб і сцяг Беларусі – гэта гісторыя і будучыня беларускай дзяржавы, увасабленне ідэі нацыянальнага адзінства, найважнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.Адзначылі гэтае свята і ў Віцебску. 12 мая каля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызанаў і падпольшчыкаў на плошчы Перамогі адбылася ўрачыстая цырымонія, што сімвалізавала яднанне ўсіх пакаленняў – грамадзян нашай дзяржавы.
Выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты нашага ўніверсітэта не засталіся ўбаку і прынялі ўдзел разам з прадстаўнікамі органаў улады, ветэранамі, працоўнымі калектывамі, грамадскімі арганізацыямі, навучальнымі ўстановамі горада ў святочным мерапрыемстве, што праходзіла ля памятнага знака «Ордэн Перамогі» на праспекце Перамогі. Сярод гасцей, якім выпаў гонар падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, была студэнтка філалагічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава Марыя Салаўёва. А народны мужчынскі хор універсітэта і студыя эстраднай песні «Шанс» падрыхтавалі для ўдзельнікаў свята творчы сюрпрыз.