Прадстаўнікі БРСМ і студэнты ваеннай кафедры нашага ўніверсітэта 13 лютага сустрэліся з воінамі-інтэрнацыяналістамі, якія працуюць у ВДУ імя П.М. Машэрава.
Мерапрыемства праходзіла ў форме адкрытага дыялогу, падчас якога кожны мог задаць пытанне ці расказаць пра тое, што яго хвалюе.
Кіраўнік ваеннай кафедры, падпалкоўнік С.А. Машэра, дацэнт кафедры крымінальнага права і крымінальнага працэсу Т.Ф. Дзмітрыева, майстар вытворчага навучання ваеннай кафедры С.Я. Слімакоў шчыра расказалі пра сябе і пра тое, як яны апынуліся ў Афганістане падчас ваенных дзеянняў.
Студэнты пацікавіліся ў гасцей, ці змяніўся іх погляд на жыццё пасля гэтага, калі ім было найбольш страшна, якія адносіны ў іх склаліся з мясцовым насельніцтвам, чым запомніўся апошні дзень напярэдадні ад’езду дадому, ці хацелі б яны зараз вярнуцца ў тую мясцовасць і інш.
І Таццяна Фёдараўна, і Сяргей Аркадзьевіч, і Сяргей Яўгенавіч прызналіся, што не супраць пабываць у Афганістане, паглядзець, што там змянілася за гэтыя гады і ўспомніць былое.
Воіны-інтэрнацыяналісты адзначылі, што, безумоўна, ваенныя падзеі змянілі іх погляд на многія рэчы, а наконт пачуцця страху, то, па словах гасцей, у сам момант небяспекі яго не было, яно з'яўлялася пазней. Напрыканцы сустрэчы госці выказалі галоўную думку: у любой сітуацыі трэба заставацца чалавекам.
Арганізатарамі круглага стала выступілі ПА ГА «БРСМ» нашага ўніверсітэта, ваенная кафедра і аддзел студэнцкай творчасці і культурна-забаўляльнай дзейнасці.
Алеся Дуброўская,
©Аддзел медыякамунікацый «Медыяцэнтр ВДУ»