28 сакавіка перастала біцца сэрца прафесара кафедры гісторыі і культурнай спадчыны факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый, доктара гістарычных навук, прафесара Івана Уладзіміравіча Мандрыка.
Іван Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1941 г. у в. Пасад Багушэўскага (цяпер Сенненскага) раёна Віцебскай вобласці. Працаваў токарам на Віцебскім заводзе электравымяральных прыбораў (1959–1964). Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры (1967), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1973), аспірантуру пры Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (1982). З 1965 г. працаваў у камсамоле і партыі, быў сакратаром Чыгуначнага райкама ЛКСМБ г. Віцебска, затым загадчыкам аддзела Чыгуначнага райкама КПБ г. Віцебска, інструктарам Віцебскага абкама КПБ. З 1980 года – сакратаром парткама ВДПІ імя С.М. Кірава, дзе неўзабаве пачаў выкладаць.
Менавіта Іван Уладзіміравіч Мандрык стаў стваральнікам і першым дырэктарам (1994–2009) Віцебскага філіяла Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін (сёння – Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО”), дзе ў поўнай меры праявіў свае арганізатарскія здольнасці і талент эфектыўнага кіраўніка. З 2010 года працаваў у ВДУ імя П.М. Машэрава прафесарам кафедры гісторыі Беларусі (з верасня 2020 г. – гісторыі і культурнай спадчыны).
Іван Уладзіміравіч быў вядомым у Беларусі навукоўцам. У 1982 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 2004 – доктарскую. У 2005 годзе яму было прысвоена вучонае званне прафесара. Даследаваў палітычную гісторыю Беларусі, гісторыю КПБ, дзейнасць працоўных калектываў і развіццё чыгуначнага транспарту ў 1960–1990-я гады, тэорыю, гісторыю і практыку прафсазнага руху, а таксама ролю дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў у працэсе станаўлення беларускай мадэлі сацыяльна арыентаванай дзяржавы ў 1990–2000-я гады. Аўтар каля 200 навуковых публікацый, у тым ліку шэрагу манаграфій і фундаментальных прац па гісторыі прафсаюзнага руху на Віцебшчыне і ў Беларусі. З’яўляўся кіраўніком заданняў у межах Дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, актыўным удзельнікам міжнародных навуковых канферэнцый у нашай краіне і за мяжой. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі зборніка навуковых прац “Ученые записки УО «ВГУ им. П.М. Машерова»”. Браў удзел у стварэнні пакоя-музея П.М. Машэрава, музея гісторыі нашага ўніверсітэта.
Шмат увагі прафесар І.У. Мандрык надаваў вучэбнай і вучэбна-метадычнай рабоце. Імкнуўся да дасканаласці ўласных заняткаў, быў строгім і справядлівым выкладчыкам. Ён любіў працаваць з моладзю. Аказваў метадычную дапамогу і падтрымку студэнтам і магістрантам, якія пісалі пад яго кіраўніцтвам курсавыя і дыпломныя работы, рыхтавалі магісцерскія дысертацыі. Дапамагаў аспірантам кафедры. Быў мудрым настаўнікам для маладых выкладчыкаў.
Іван Уладзіміравіч да апошніх дзён жыцця займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю, выступаў перад працоўнымі калектывамі па гістарычных праблемах, браў удзел у круглых сталах, прысвечаных гісторыі беларускай дзяржаўнасці і Вялікай Айчыннай вайны на базе бібліятэк і музеяў Віцебска і Віцебшчыны. Выступаў на старонках перыядычнага друку з артыкуламі па актуальных пытаннях гісторыі сацыяльных і эканамічных адносін на Віцебшчыне.
І.У. Мандрык узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалямі «За доблестный труд», «100 лет профсоюзному движению Беларуси», «110 лет профсоюзному движению Беларуси». Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за кнігу «Очерки истории профсоюзов Витебщины» (2015).
Іван Уладзіміравіч быў добрым мужам, бацькам, дзядулей.
Прафесар Іван Уладзіміравіч Мандрык назаўсёды застанецца ў памяці тых, хто яго ведаў, адданым патрыётам Бацькаўшчыны, таленавітым даследчыкам, патрабавальным кіраўніком, прынцыповым выкладчыкам, а таксама чалавекам, які вельмі любіў жыццё, працу, людзей. Вечная памяць!
Коллектив Института истории Национальной академии наук Беларуси глубоко скорбит в связи со смертью профессора кафедры истории и культурного наследия, доктора исторических наук Ивана Владимировича Мандрика. Иван Владимирович внес значительный вклад в развитие исторической науки Беларуси. Вся его жизнь и научно-педагогическая деятельность являлись достойным примером для его родных, друзей, коллег. Выражаем искренние соболезнования его родным, коллегам и близким.