Калектыў гістарычнага факультэта сардэчна віншуе з юбілейным Днём нараджэння славутага беларускага археолага дацэнта Бубенька Таццяну Станіславаўну!
Шаноўная Таццяна Станіславаўна!
Шчыра зычым Вам моцнага здароўя, дабрабыту,
плёну ў даследчай і педагагічнай працы,
дабра і шчасця ў жыцці!
Няхай кожны дзень прыносіць Вам радасць!
Даведка: Т.С. Бубенька ў 1980 г. скончыла гістарычны факультэт БДУ імя У.І. Леніна. У 1977–1993 гг. працавала ў Інстытуце археалогіі Акадэміі навук БССР (Беларускай акадэміі навук), у 1994–1998 гг. ўзначальвала сектар аховы помнікаў і археалогіі ўпраўлення культуры Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта. З 1998 г. Таццяна Станіславаўна працуе ў Віцебскім дзяржаўным ўніверсітэце імя П.М. Машэрава: дацэнт кафедры гісторыі Беларусі (1998–2003 гг.); дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі (2003–2012 гг.); дацэнт кафедры гісторыі Беларусі (з 2012 г. па цяперашні час).
З 1981 г. ажыццяўляе археалагічнае вывучэнне Ніжняга замка Віцебска, у 1991 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Ленінградскім аддзяленні Інстытута археалогіі АН СССР. Выявіла шэраг археалагічных помнікаў у Віцебскім, Чашніцкім раёнах, праводзіла раскопкі на гарадзішчы Камень Лепельскага раёна. Даследчыца зрабіла значны ўклад у археалагічнае вывучэнне першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага – Навагрудка.
Т.С. Бубенька з’яўляецца аўтарам больш чым дзвюх соцень навуковых, энцыклапедычных і вучэбна-метадычных публікацый, у тым ліку некалькіх адзінаасобных і калектыўных манаграфій. Сярод іх фундаментальнае даследаванне “Средневековый Витебск. Посад – Нижний замок (Х – первая половина XIV в.)” (2004).
Таццяна Станіславаўна ажыццяўляе навуковыя даследаванні, з’яўляецца кіраўніком задання “Насельніцтва Віцебскага Падзвіння ў І –пачатку ІІ тыс. н.э.” у межах падпраграмы “Гісторыя і культура” Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016–2020 гг. Прымае ўдзел у навуковых канферэнцыях, друкуецца ў навуковых выданнях Беларусі, бліжняга і дальняга замежжа. Паспяхова ажыццяўляе кіраўніцтва навукова-даследчай работай студэнтаў.
Артэфакты, выяўленыя падчас раскопак Т.С. Бубенька, захоўваюцца ў фондах музеяў Беларусі, пакладзены ў аснову экспазіцыі “Старажытны Віцебск” Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.