З 5 па 9 снежня на факультэце гуманітарыстыкі і моўных камунікацый у восьмы раз праходзіў Фестываль беларускага слова. Сёлетні фестываль вызначаўся тэматычнымі мерапрыемствамі, прысвечанымі 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Адкрыў фестываль спектакль «Два Я.К.ія», прысвечаны двум беларускім класікам Якубу Коласу і Янку Купалу. У якасці сцэнарыста і рэжысёра-пастаноўшчыка выступіла Аляксандра Даніленка, студэнтка 3-га курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый. Ролі на сцэне выконвалі студэнты факультэта.
6 снежня на факультэце прайшоў Дзень беларускага тэатра. Прафесар кафедры гісторыі і культурнай спадчыны, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Таццяна Віктараўна Катовіч прадставіла студэнтам і выкладчыкам мезансцэну «Якуб Колас і Віцебск».
7 снежня прайшоў Дзень студэнцкай творчасці. У гэты дзень на факультэце адбылася прэзентацыя кніжак-малышак «Мая купалаўская/коласаўская спадчына». Студэнты факультэта падрыхтавалі інтэрактыўныя кніжкі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.
8 снежня адбылася прэзентацыя літаратурнага часопіса «Літаратурны autographum». Перад удзельнікамі выступілі галоўны рэдактар Селязень Кацярына і рэдакцыйная калегія часопіса. У прэзентацыі таксама ўдзельнічалі аўтары вершаў, апублікаваных у восеньскім нумары, сярод якіх студэнты факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый, вучні ліцэя і каледжа ВДУ імя П.М. Машэрава. А ў Народным літаратурным музеі ВДУ імя П.М. Машэрава адбылася сустрэча з ліцэістамі. Падчас мерапрыемства прысутныя даведаліся пра тое, якія мясціны Віцебшчыны звязаны з лёсамі класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Госці разам з Кацярынай Сяргееўнай Півавар і Ганнай Аляксандраўнай Гладковай паразважалі пра ролю класікаў у жыцці грамадства, прачыталі вершы, прысвечаныя песнярам, пазнаёміліся з прадстаўленай экспазіцыяй музея.
9 снежня на закрыцці фестывалю прайшла беларуская гульня «Яшчур», у якой змаглі паўдзельнічаць студэнты факультэта. «Яшчур» – народная гульня, якая была распаўсюджана сярод моладзі на Пастаўшчыне яшчэ ў сярдэдзіне ХХ ст. Падчас гульні дзяўчаты водзяць карагод з песняй, услаўляючы вядучага – хлопца-Яшчура, які сядзіць у цэнтры і па чарзе забірае вянкі, хусткі, іншыя рэчы ад удзельніц, а яны потым выкупляюць іх, звяртаючыся да хлопца з песняй-просьбай і выконваючы яго загады.
Тыдзень выдаўся насычаным, цікавым і каларытным. Фестываль беларускага слова аб’яднаў вялікую колькасць людзей, якія з павагай і любоўю адносяцца да роднай мовы, беларускай літаратуры і культуры.
Больш інфармацыі, відэа і фотаздымкаў – у Тэлеграм-канале факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый.