У пачатку чэрвеня у адной з залаў Віцебскага мастацкага музея адкрылася выстава “Краявіды Прыдзвіння” вядомага беларускага мастака Івана Бабаедава (1925-2002), аднаго са шматлікіх прадстаўнікоў рэалістычнай плыні Віцебскай мастацкай школы і навучэнца Віцебскага педінстытута імя С.М. Кірава. У 1950-я гады І.Бабаедаў працаваў выкладчыкам малюнка і жывапісу ў Віцебскім мастацка-графічным педагагічным вучылішчы. Але пераважную частку свайго жыцця жыў ў г.п. Бешанковічы і працаваў настаўнікам малявання ў мясцовых школах.
Іван Бабаедаў нарадзіўся ў вёсцы Бабаедава Бешанковіцкага раёна 28 лютага 1925 года, вучыўся ў сямігадовай школе ў вёсцы Новыя Чэлнышы, а ў гады вайны ваяваў у складзе 71-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Узнагароджаны двума баявымі ордэнамі і медалём "За адвагу". У 1946 годзе І. Бабаедаў паступае ў Сімферопальскае мастацкае вучылішча імя М. Самокіша, а ў 1949 – працягвае навучанне ў Мінскім мастацкім вучылішчы ў вядомага беларускага мастака В.К. Цвіркі. У 1971 - 1976 гг. – навучаўся на мастацка - графічным факультэце Віцебскага педінстытута імя С.М. Кірава. У 1981 годзе уступіў у Саюз мастакоў СССР.
У экспазіцыі персанальнай выставы, якая стала першай пасля смерці мастака, прадстаўлены пераважна пейзажы – жанр, якому мастак аддаваў перавагу у сваёй творчасці. Жывапіс Івана Бабаедава - шчырае і трапяткое прызнанне мастака ў любові да мастацтва і прыроды. У кампазіцыйна і пластычна сціплым строі яго камерных твораў адзначаеш прафесійнае майстэрства і своеасаблівы жывапісны тэмперамент. І хоць творчая спадчына мастака невялікая, яна даволі поўна адлюстроўвае характар яго творчай манеры. А надпіс, пакінуты ў каталогу, які быў падораны настаўнікам свайму вучню, высока і аб'ектыўна ацэньвае прафесійны ўзровень правінцыйнага жывапісца: «Таленавітаму мастаку Івану Цімафеевічу. Віталь Цвірка 1987/04/19».
Міхась Цыбульскі
кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы