21 лістапада ў культурна-гістарычным комплексе «Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна”» адбылася вечарына, прысвечаная 75-годдзю мастачкі Антаніны Максімаўны Маісеевай. Сустрэча з творцай праходзіла падчас закрыцця яе персанальнай выставы «Жыццё ў карцінках» і прызентацыі альбома (куратары М.Л. Цыбульскі, Л.У. Вакар). Павіншаваць юбіляра прыйшлі члены гарадскога клуба мастакоў «Контур», сябры і прыхільнікі яе творчасці.
Антаніна Маісеева нарадзілася ў в. Сякірына Сенненскага раёна Віцебскай вобласці, скончыла бібліятэчны факультэт Ленінградскага інстытута культуры, працавала загадчыкам бібліятэкай у вучылішчы №57. Жывапісам займаецца з 2001 года. З 2002-га яна актыўна ўдзельнічае ў гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх выставах народнай творчасці. З’яўляецца лаўрэатам Беларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь – мая песня» (2005), нацыянальных выстаў наіўнага мастацтва «Insitus» (г. Віцебск; 2008, 2012, 2016, 2020), міжнародных фестываляў наіўнага мастацтва і творчасці аўтсайдараў «Фэстнаіў» (г. Масква; 2003, 2007, 2010, 2013, 2016). Прымала ўдзел у Міжнароднай выставе наіўнага мастацтва «Прынашэнне майстру», прысвечанай 120-годдзю М. Шагала (Віцебск, Масква; 2007).
Антаніна Маісеева з’яўляецца адным з найбольш яркіх сучасных інсітных творцаў Беларусі. Мастачка паэтызуе матывы паўсядзённасці вясковага і гарадскога жыцця, увасабляе сюжэты традыцыйнай народнай абраднасці, вулічнага відовішча, народнай смехавай культуры. Яна плённа распрацоўвае анімалістычныя вобразы, абраўшы ў якасці своеасаблівага аўтарскага жанру партрэт жывёлы з адметным характарам і фізіянамічнымі рысамі. Панарамы гарадскога і вясковага ландшафту маюць картаграфічны характар, малюнкі і колер раскрываюць экспрэсію ўнутранага пачуцця. Асноўнымі тэмамі яе творчасці з’яўляюцца: гармонія існавання чалавека ў прыродзе і свеце, традыцыйнае разуменне дабра і зла, панаванне дабра над злом.