21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. ВДУ імя П.М. Машэрава традыцыйна павіншаваў з гэтым важным святам шматнацыянальную студэнцкую сям’ю. У гэты ж дзень былі падведзены вынікі конкурсу «Мова гучыць. Challenge».
За тыдзень да свята роднай мовы ВДУ запусціў акцыю ў сацыяльных сетках «Мова гучыць. Challenge», сутнасць якой заключалася ў тым, што ўдзельнікам прапаноўвалася запісаць відэа з чытаннем вершаў на беларускай мове і пазмагацца за арыгінальную вышыванку ад першаснай арганізацыі БРСМ.
Студэнты з задавальненнем пачалі прымяраць на сабе ролі акцёраў і чытальнікаў, не засталіся ўбаку нават дзеці выкладчыкаў ВДУ, дэканы факультэтаў, выпускнікі і творчыя групы.
Выбраць аднаго пераможцу аказалася няпростай задачай, таму аргкамітэт узнагародзіў адразу некалькі самых арыгінальных удзельнікаў. Вышыванку ў падарунак атрымалі: Аляксандр Гергаеў (ГФ), Мікалай Клімчук (ФСПіП), Аляксандр Саннікаў (ФФКіС), Святлана Лёўкіна (ФФКіС), Уладзіслаў Улаховіч (ГФ), Марыя Клімашонак (МГФ), Альбіна Худайбергенава (ФНЗГ), Валерый Вацлававіч Янч (дэкан ФНЗГ).
Усе відэаработы можна паглядзець у сацыяльнай сетцы Instagram па хэштэгу #мовагучыцьchallenge.
Падчас святочнай акцыі любы ахвотны мог сфатаграфавацца ў спецыяльных фотазонах з нацыянальным каларытам, паўдзельнічаць у віктарыне ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.