Сообщить об ошибке
Выделенный фрагмент:
У пачатку ХХ стагоддзя ў Віцебскай губерні не было педагагічных навучальных устаноў для падрыхтоўкі настаўнікаў няпоўных сярэдніх школ. У 1908 г. ва ўсёй Віленскай навучальнай акрузе быў Віленскі настаўніцкі інстытут, які штогод выпускаў 30 настаўнікаў для вышэйшых пачатковых вучылішч. Адзінкі з іх траплялі і ў Віцебскую губерню. Віленскі настаўніцкі інстытут быў не ў стане забяспечыць падрыхтоўку дастатковай колькасці настаўнікаў. У гэты час 75% дарослага насельніцтва Віцебскай губерні было непісьменным. Для пачатковых школ настаўнікаў рыхтавалі Полацкая настаўніцкая семінарыя (адкрыта ў 1892 г.), Віцебскае епархіяльнае вучылішча і Віцебская жаночая гімназія. Акрамя таго, з 1906 г. пачалася падрыхтоўка настаўнікаў-мужчын для земскіх школ на двухгадовых педагагічных курсах пры Віцебскім першым пачатковым вучылішчы. Педагагічныя кадры для сярэдніх навучальных устаноў Віцебскай губерні рыхтавалі навучальныя ўстановы Расіі – Маскоўскі і Пецярбургскі ўніверсітэты, Інстытут высакародных дзяўчын і інш. Усяго ў Віцебскай губерні налічвалася каля 1800 настаўнікаў, з іх з вышэйшай адукацыяй – каля 150 чалавек. Пасля закрыцця Горы-Горыцкага земляробчага інстытута ў 1863 г. у беларускіх губернях не заставалася ні адной вышэйшай навучальнай установы, таму пытанне аб адкрыцці ўніверсітэта ў Мінску або Віцебску неаднаразова ўздымалася ўжо ў 90-х гг. XIX ст. У "прадстаўленні Міністэрства народнай асветы аб зацвярджэнні новага ўніверсітэта ў Расіі" падрабязна супастаўляліся ўмовы для заснавання ўніверсітэта ў Мінску, Віцебску і іншых гарадах. Камісія, створаная царскім урадам, правяла абследаванне шэрагу гарадоў, у тым ліку і Віцебска. Было ўстаноўлена, што "гэтым умовам найбольш адпавядае Віцебск". Аднак па шэрагу прычын універсітэт у Віцебску не быў створаны. І Міністэрства народнай асветы прапанавала адкрыць у Віцебску Настаўніцкі інстытут, арганізаваны паводле статута настаўніцкіх інстытутаў Расіі. У склад студэнтаў інстытута прымаліся настаўнікі пачатковых школ, якія мелі закончаную педагагічную адукацыю і вопыт працы ў школе не менш за 2 гады. Прыём студэнтаў праводзіўся па конкурсе. Прымаліся выключна мужчыны праваслаўнага веравызнання. Заняткі ў інстытуце праводзіліся з 15 кастрычніка, урачыстае адкрыццё адбылося толькі 21 лістапада 1910 г. Дырэктарам быў прызначаны Клаўдзій Іванавіч Ціхаміраў, які быў да гэтага дырэктарам Полацкай настаўніцкай семінарыі. Па рашэнні педагагічнага савета бедныя навучэнцы вызваляліся ад платы за навучанне. У 1910 г. інстытут прыняў на першы курс 32 чалавекі. У 1913 г. быў праведзены першы выпуск студэнтаў. Усяго за сваё дарэвалюцыйнае існаванне Віцебскі настаўніцкі інстытут зрабіў 5 выпускаў і даў краіне каля 150 настаўнікаў.
У маі 1918 г. у Маскве ў выніку нарады прадстаўнікоў настаўніцкіх інстытутаў было прынята рашэнне: рэфармаваць настаўніцкія інстытуты ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. На падставе гэтага рашэння настаўніцкія інстытуты змяніліся ў педагагічныя, а Віцебскі настаўніцкі інстытут з 1 кастрычніка 1918 г. быў перайменаваны ў Віцебскі педагагічны інстытут. Па статуце педагагічных інстытутаў тэрмін навучання складаў 4 гады. Першым дырэктарам інстытута быў абраны К.І. Ціхаміраў, які да гэтага часу быў дырэктарам настаўніцкага інстытута. Згодна са статутам 1918 г. на працягу трох гадоў прадугледжвалася "тэарэтычнае і практычнае" вывучэнне спецыяльных педагагічных і навуковых дысцыплін, а чацвёрты год прызначаўся для правядзення педагагічнай практыкі ў школах. Замест факультэтаў былі створаны цыклы: фізіка-матэматычны, біялагічны, сацыяльна-гістарычны і інш. – усяго 7 цыклаў. У інстытут прымаліся ўсе працоўныя незалежна ад полу, веравызнання, нацыянальнай прыналежнасці. У 1918 г. было прынята 210 чалавек, з іх 40% жанчын. Усе студэнты вызваляліся ад платы за навучанне. Па вучэбным плане студэнты вывучалі 12 агульных прадметаў, у лік якіх уваходзілі: агульная тэорыя эвалюцыі, псіхалогія, тэорыя навуковага светапогляду, гісторыя культуры, педагогіка, методыка працоўных працэсаў, гісторыя сацыялізму, палітычная эканомія, вучэнне пра дзяржаву, замежная мова (нямецкая, французская або англійская) і педагагічнае маляванне.
Віцебскі педагагічны інстытут стаў першай вышэйшай навучальнай і педагагічнай установай Беларусі паслякастрычніцкага перыяду. У кастрычніку 1919 г. Віцебскі педагагічны інстытут быў пераўтвораны ў Інстытут народнай адукацыі. У інстытуце тэрмін навучання заставаўся чатырохгадовым. У навучальны план сацыяльна-гістарычнага цыкла (факультэта) былі ўключаны такія прадметы, як гісторыя педагагічных вучэнняў, дашкольнае выхаванне, гісторыя мастацтваў, гісторыя рускай культуры, выяўленчае мастацтва, выразнае чытанне, арганізаванне школьнага тэатра, музыка і харавы спеў. Асобнымі прадметамі ў план былі ўключаны гісторыя першабытнай культуры, Усходу, Грэцыі, Рыма, сярэднявечнай культуры, Рэнесансу, гісторыя XIX стагоддзя, гісторыя рускай літаратуры старажытнага перыяду, новая руская літаратура, заходнееўрапейская літаратура і г.д. Па такіх планах навучанне праводзілася два навучальныя гады – 1919-1920 і 1920-1921.
У маі 1921 г. Віцебскі інстытут народнай адукацыі быў перайменаваны ў Віцебскі практычны інстытут народнай адукацыі і пераведзены на новы статут – статут "ПІНА". Па гэтым статуце змянялася сістэма кіраўніцтва інстытутам, тэрмін навучання скарачаўся на адзін год, уводзілася сістэма факультэтаў, кіруемых дэканамі. На пасаду рэктара быў прызначаны старшыня савета інстытута П.І. Ільінскі (філолаг), а на пасаду прарэктара – Н.І. Макарэўскі (матэматык-астраном). Савет інстытута выконваў функцыі калегіяльнага дарадчага органа. У гэтым жа годзе інстытуту быў перададзены будынак горада – былая гімназія па вуліцы Пушкіна. Віцебскі інстытут як практычны інстытут народнай адукацыі (ПІНА) прапрацаваў два навучальныя гады – 1921-22 і 1922-23. Вясной 1923 г. ён быў зноў рэарганізаваны і атрымаў назву Віцебскага вышэйшага педагагічнага інстытута з чатырохгадовым тэрмінам навучання ў складзе трох аддзяленняў: біёлага-геаграфічнага, фізіка-матэматычнага і сацыяльна-гістарычнага.
Бібліятэка інстытута налічвала 30 тыс. экзэмпляраў кніг. У інстытуце была ўласная электрастанцыя, слясарная, такарныя майстэрні, тры кузні, пераплётна-карданажная майстэрня і літаграфія. У гэты час у інстытуце працавалі 12 чалавек, якія мелі званне прафесара (Аляксей Парфёнавіч Сапуноў – вядомы гісторык-краязнаўца (у 1919-1924 гг. чытаў курс беларусазнаўства), Міхаіл Міхайлавіч Бахцін – рускі літаратуразнаўца (у 1920-1923 гг.) і інш.), 13 – з вучонай ступенню магістра ці доктара ўніверсітэтаў Расіі, 7 чалавек, акрамя вышэйшай навуковай адукацыі, мелі яшчэ спецыяльную педагагічную.
19 красавіка 1924 г. у сувязі з пастановай Наркамасветы БССР было прынята рашэнне аб спыненні заняткаў у Віцебскім вышэйшым педагагічным інстытуце і пераводзе выкладчыкаў інстытута ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, а студэнтам 2, 3, 4 курсаў пасля перавадных экзаменаў выдаць адпаведныя дакументы і прапанаваць перавесціся для прадаўжэння вучобы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт або іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. У будынку інстытута быў размешчаны Віцебскі педагагічны тэхнікум, пры якім была адкрыта базавая школа і арганізаваны педагагічны рабочы факультэт.
У сувязі з ростам няпоўных сярэдніх і сярэдніх агульнаадукацыйных школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Белдзяржуніверсітэт быў не ў стане задаволіць патрэбы рэспублікі ў падрыхтоўцы настаўнікаў для іх. У 1930 г. НКА БССР прыняў пастанову аб арганізацыі на старой матэрыяльнай базе Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага інстытута з двухгадовым тэрмінам навучання. З 1933 г. інстытут перайшоў на Статут дзяржаўнага педагагічнага інстытута з чатырохгадовым тэрмінам навучання і меў у сваім складзе тры факультэты: фізіка-матэматычны, прыродазнаўчы і гістарычны. У снежні 1934 г. інстытуту было прысвоена імя Сяргея Міронавіча Кірава. У 1935 г. пры педінстытуце адкрыўся настаўніцкі інстытут, спачатку ў складзе аднаго аддзялення – гістарычнага, а ў 1937 г. яно было рэарганізавана ў гісторыка-філалагічнае і да яго дадалося яшчэ два аддзяленні – фізіка-матэматычнае і прыродазнаўча-геаграфічнае. З 1930 па 1941 гады ў інстытуце склаўся кваліфікаваны калектыў выкладчыкаў, які мог забяспечваць высокі ўзровень выкладання і весці навукова-даследчую працу. Тут працавалі такія навукоўцы, як прафесар Ніканаў Леанід Мікалаевіч – заслужаны дзеяч навукі БССР, беларускі батанік (у 1934-41 гг. – загадчык кафедры), доктар біялагічных навук, заслужаны дзеяч навукі БССР Курбат Ігар Міхайлавіч (у 1939-41 гг. узначальваў кафедру арганічнай і біялагічнай хіміі). У даваенны перыяд выкладчыкамі інстытута былі падрыхтаваны і выдадзены тры зборнікі навуковых прац і 20 метадычных зборнікаў "У дапамогу настаўніку". Абодва інстытуты (педагагічны і настаўніцкі) знаходзіліся пад кіраўніцтвам аднаго дырэктара, у абодвух працавалі адны і тыя ж выкладчыкі, размяшчаліся інстытуты ў двух сумежных будынках: педінстытут – па вуліцы Пушкіна (яна не захавалася да нашых дзён), каля абеліска П.М. Машэрава, настаўніцкі – па набярэжнай ракі Віцьба.
З першага дня вайны будынак па вуліцы Пушкіна быў абсталяваны пад ваенна-палявы шпіталь. Яго начальнікам быў прызначаны дырэктар інстытута А.І. Каляда. У гэтыя дні заняткі ішлі толькі на шасцімесячных курсах гісторыкаў і матэматыкаў у студэнцкіх інтэрнатах і аўдыторыях ветінстытута. За час нямецка-фашысцкай акупацыі Віцебск быў ператвораны ў руіны. У ім захавалася толькі 8% будынкаў. Памяшканні інстытута былі спалены, усё абсталяванне, бібліятэка і іншыя каштоўнасці былі разрабаваны. Спачатку ў будынку інстытута размяшчалася разведвальна-карная служба нямецка-фашысцкай арміі, затым у 1943 г. – стайня (актавая зала), а перад адступленнем у чэрвені 1944 г. немцы спалілі будынак інстытута. Большая частка студэнтаў і выпускнікоў інстытута папоўнілі рады Чырвонай Арміі, а многія з пакінутых у варожым тыле ўдзельнічалі ў баявых аперацыях партызанскіх аб'яднанняў і падпольных груп. Палітработнікамі на фронце былі выхаванцы інстытута Воранаў Г.Д., Галубцоў Н.С., Кавалеўскі Г.Т., Прусакоў М.С., Серафімаў В.С., Пасюцін М.І., Анціпенка Я.Ф., Коган А.І., Макаранка С.А., Озераў В.Я., камандзірамі ўзводаў і рот дзеючай арміі – Нахаеў І.А., Сцяпанаў С.М., Печанькоў П.І., Яцук А.Д., Бочкін І.Г., Лютаровіч П.В., Уласенка А.К., Маціеўскі Н.А. і многія іншыя. На Віцебшчыне былі створаны і дзейнічалі падпольныя і патрыятычныя групы з ліку настаўнікаў і вучняў, якія праводзілі вялікую агітацыйную і прапагандысцкую, разведвальную работу супраць акупантаў. Многія гэтыя групы былі створаны выхаванцамі інстытута. Тры выпускнікі інстытута ў гады вайны сталі Героямі Савецкага Саюза.
Яшчэ ва ўмовах ваеннага часу пачалося аднаўленне інстытута. У час вайны памяшканні навучальнага корпуса і інтэрнаты былі спалены і разбураны бамбардзіроўкамі, уся мэбля, абсталяванне і бібліятэка знішчаны. У жніўні 1944 г. на пасаду дырэктара інстытута быў прызначаны дацэнт Л.С. Калецкі, на пасаду намесніка дарэктара па вучэбнай частцы – дацэнт Я.К. Матлін, на пасаду дарэктара па завочным навучанні (завочнае навучанне – з 1930 г.) – П.І. Цвяткоў, загадчыкам кафедры ваеннай падрыхтоўкі – палкоўнік В.Д. Дзмітрыеў. Гэтая група людзей і пачала падрыхтоўку да аднаўлення інстытута. Да кастрычніка неймавернымі намаганнямі ў адным часткова захаваным корпусе студэнцкага інтэрната было падрыхтавана некалькі пакояў для заняткаў. Прымалі ў інстытут без іспытаў і залічвалі ўсіх пасля гутаркі і прад'яўлення неабходных дакументаў. Першакурснікаў было прынята: у педагагічны інстытут – 91 (на фізмат – 34, на гістфак – 33, біялагічны – 24), у настаўніцкі інстытут – 104 чалавекі (на фізмат – 27, гістфак – 40, прыродазнаўча-геаграфічны – 37). З усіх набраных студэнтаў у інстытуце было толькі 2 чалавекі мужчынскага полу. У студзені 1945 г. у інстытуце разам з завочнікамі займаліся 422 студэнты. У інстытуце былі 24 навуковыя работнікі, з іх 3 мелі кандыдацкую ступень, 2 – вучонае званне дацэнта без ступені, 4 старшыя выкладчыкі і 12 настаўнікаў школ, прынятых на працу ў інстытут. 2 кастрычніка 1944 г. у будынку аднаго з інтэрнатаў было падрыхтавана некалькі пакояў для заняткаў. Першы пасляваенны 1944-1945 навучальны год прайшоў у вельмі складаных умовах. Не хапала выкладчыкаў, не было лабараторнага абсталявання, наглядных дапаможнікаў і падручнікаў, не хапала вучэбнай плошчы (заняткі даводзілася праводзіць у 2-3 змены). У аўдыторыях не хапала мэблі, не было электрычнага святла і нават звычайных газавых лямпаў. Навучальныя памяшканні і пакоі слаба абаграваліся. На працягу ўсяго навучальнага года і студэнты, і выкладчыкі вымушаныя былі, акрамя вучэбнай працы, займацца ўсімі відамі гаспадарчых работ, каб стварыць элементарныя ўмовы для вучэбных заняткаў. Выраблялі з дошак сталы і лаўкі, з бляхі рабілі вучэбныя дошкі. Не было сшыткаў – пісалі на старых газетах і кнігах паміж радкамі.
У 1946-47 навучальным годзе ў інстытуце палепшылася вучэбна-матэрыяльная база, павялічылася колькасць абсталявання, мэблі. Было залічана 15 новых выкладчыкаў у штат навуковых работнікаў інстытута.
Дырэктарам інстытута з вясны 1945 г. замест Л.С. Калецкага Наркамасветы БССР быў прызначаны кандыдат хімічных навук, дацэнт В.П. Касцючэнка, а яго намеснікам па вучэбнай і навуковай рабоце – кандыдат педагагічных навук, дацэнт Я.К. Матлін.
У 1949 г. быў адноўлены другі корпус студэнцкага інтэрната, а да канца 1950 г. – вучэбны корпус. Былі адкрыты навучальныя кабінеты і лабараторыі, якія з году ў год папаўняліся вучэбным абсталяваннем, прыборамі, мэбляй, бібліятэка сістэматычна папаўнялася кнігамі. У 1949 г. пры інстытуце быў створаны вучэбна-вопытны ўчастак для правядзення практычнай і даследчай работы па батаніцы, фізіялогіі раслін, заалогіі. У 1951-58 гг. працягвалася далейшае паляпшэнне вучэбна-вытворчай базы. Інстытуту быў перададзены батанічны сад, неўзабаве пераўтвораны ім у аграбіялагічную станцыю; у Вялікіх Лётцах створана база для правядзення палявой практыкі; кніжны фонд бібліятэкі павялічыўся амаль у 2 разы ў параўнанні з 1950 г. і дасягнуў 48 тыс. тамоў.
Па выніках навукова-даследчай працы інстытутам сталі выдавацца зборнікі "Вучоных запісак". Пры кафедрах меліся навукова-даследчыя гурткі, кожны навуковы работнік меў групу студэнтаў, якімі ён кіраваў у іх навукова-даследчай працы. У 1955 годзе гістарычны факультэт быў пераведзены ў Магілёўскі педагагічны інстытут. У 1957 г. пры інстытуце адкрыты факультэт па падрыхтоўцы настаўнікаў для пачатковай школы. У 1959 г. пры інстытуце створаны мастацка-графічны факультэт на базе ранейшага мастацка-графічнага вучылішча. У сувязі з увядзеннем у сельскіх школах сельскагаспадарчага навучання ў 1960 г. пры інстытуце быў створаны аграбіялагічны факультэт. Тут ажыццяўлялася падрыхтоўка настаўнікаў для сельскіх школ па прыродазнаўстве і асновах сельскагаспадарчай вытворчасці. У 1966 г. аграбіялагічны факультэт быў ліквідаваны, а навучанне студэнтаў стала праводзіцца па вучэбным плане біёлага-хімічнага факультэта. У 1962 г. пабудавана астранамічная вышка, устаноўлены тэлескоп і арганізаваны планетарый. Бібліятэка налічвала да 200 тыс. кніг і часопісаў.
У 1955 годзе рэктарам інстытута быў прызначаны П.Ф. Грук, у 1959 г. – П.Я. Цярэнцьеў, у 1963 г. – Андрэй Раманавіч Гарбачоў. З 1944 па 1949 гг. прарэктарам па вучэбнай рабоце працаваў Матлін Я.К., пазней гэтую пасаду займалі Н.Я. Мядзведзеў, С.М. Сцяпанаў, В.Д. Лапцёнак, Т.К. Кароткіна, В.Н. Вінаградаў.
У 1969 годзе інстытут быў узнагароджаны Ганаровым Сцягам ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У 1974 г. быў пабудаваны новы вучэбны корпус па Маскоўскім праспекце. Тут каля навучальнага корпуса быў пабудаваны інтэрнат для студэнтаў на 700 месцаў. На момант свайго 60-годдзя (1978 г.) інстытут меў 3 навучальныя карпусы, інтэрнаты на 2 тыс. месцаў, 50 аўдыторый, 30 кабінетаў, 27 лабараторый, 23 майстэрні па малюнку і жывапісе, бібліятэку з 3 вялікімі чытальнымі заламі і кніжным фондам у 330 тыс. тамоў, актавую залу на 650 месцаў, кіназалу, стадыён.
У 1974 г. адноўлены філалагічны факультэт, у 1978 г. на базе Віцебскага тэхнікума фізічнай культуры быў адкрыты факультэт фізічнай культуры і спорту. Для падрыхтоўкі абітурыентаў было створана падрыхтоўчае аддзяленне і ФБН (факультэт будучых настаўнікаў). З кожным годам мяняўся кантынгент абітурыентаў. З 1964 г. набор стаў праводзіцца па конкурсе (на 400 месцаў 574 заявы). У пачатку 1970-х гг. конкурс складаў 2-3 чалавекі на месца, што дало магчымасць адбіраць найбольш падрыхтаваных абітурыентаў, а гэта, у сваю чаргу, адбілася на паляпшэнні вучэбнай, навуковай і выхаваўчай працы. Трэба адзначыць, што перавага аддавалася абітурыентам з сельскай мясцовасці. На момант свайго 60-годдзя інстытут меў 275 выкладчыкаў, з іх 4 прафесары, 90 кандыдатаў навук, дацэнтаў. У ліку выкладчыкаў было 5 членаў Саюза мастакоў СССР, 5 майстроў спорту СССР. У 60-я і 70-я гг. вялікую і плённую навукова-даследчую працу праводзілі ўсе кафедры інстытута: філасофіі, педагогікі, заалогіі, начартальнай геаметрыі і інш. Толькі ў 1970-1978 гг. было выдадзена 14 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для школ і ВНУ, 12 манаграфій, 60 дапаможнікаў для настаўнікаў, больш за 700 часопісных артыкулаў. У той жа час было абаронена 2 доктарскія і 37 кандыдацкіх дысертацый.
З 1978 года рэктарам інстытута працаваў В.Н. Вінаградаў, прарэктарам па вучэбнай рабоце – А.Ф. Арэшчанка, па навуковай рабоце – А.М. Дарафееў. У 1985 г. быў пабудаваны новы вучэбны корпус, дзе размясціўся мастацка-графічны факультэт. У 1986 г. у інстытуце працавала 345 навукова-педагагічных работнікаў, з іх 5 прафесараў і дактароў навук, 170 дацэнтаў і кандыдатаў навук. У 1988 г. быў створаны факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання з дадатковай спецыяльнасцю "выяўленчае мастацтва і музыка" (з 2001 г. – педагагічны факультэт), у 1991 г. – факультэт дашкольнага выхавання (з 1997 г. – сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі). У 1992 г. быў адкрыты факультэт беларускай мовы і літаратуры (з 1994 г. перайменаваны ў факультэт беларускай філалогіі і гісторыі), у 1998 г. – юрыдычны факультэт; у 2001 г. адноўлены гістарычны факультэт, а факультэт беларускай філалогіі і гісторыі стаў факультэтам беларускай філалогіі і культуры. У 1995 г. у Віцебскім дзяржаўным інстытуце навучалася каля 6 тысяч студэнтаў. На 30 кафедрах працавала 414 выкладчыкаў, 243 з якіх мелі навуковыя ступені і званні, 10 з'яўляліся членамі Саюза мастакоў, 2 – Саюза пісьменнікаў.
У адпаведнасці з пастановай Калегіі Міністэрства адукацыі і навукі ад 5 жніўня 1995 г. № 11 і на аснове Загаду Міністра адукацыі і навукі РБ ад 22 жніўня 1995 г. № 330 Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М. Кірава з 1 верасня 1995 г. быў пераўтвораны ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 студзеня 1998 г. № 45 універсітэту было прысвоена імя П.М. Машэрава. У кастрычніку 1998 г. за асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці ВДУ імя П.М. Машэрава быў прысуджаны Ганаровы дзяржаўны сцяг РБ.
У 1991 годзе была адкрыта аспірантура па 18 спецыяльнасцях, з 1996 г. – магістратура. Універсітэт мае навукова-даследчую лабараторыю па біялогіі Беларускага Паазер'я, батанічны сад, рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, музей гісторыі ўніверсітэта, мемарыяльны музей П.М. Машэрава, музеі – літаратурны, біялагічны, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З 1996 года выдаюцца часопіс "Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта", аўтарамі якога з'яўляюцца навукоўцы з многіх краін бліжняга і дальняга замежжа, з 2002 года – "Вучоныя запіскі УА "ВДУ імя П.М. Машэрава", газета "Мы і час". Аб навукова-даследчай дзейнасці сведчаць штогод выдаваемыя больш за 10 манаграфій і каля 220 навуковых зборнікаў, вучэбных, вучэбна-метадычных дапаможнікаў.
У 2001 годзе ўніверсітэт быў перайменаваны ва ўстанову адукацыі "Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава". У гэтым жа годзе прайшоў дзяржаўную атэстацыю (Пасведчанне аб дзяржаўнай атэстацыі навучальнай установы № 756 ад 12.12.2001 г.). Падрыхтоўка студэнтаў ажыццяўлялася па 24 спецыяльнасцях дзённай формы навучання і па 15 – на завочнай форме навучання на 11 факультэтах. Значную работу праводзілі Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. На пастаяннай аснове ва ўніверсітэце працуюць 545 штатных выкладчыкаў, у тым ліку з навуковымі ступенямі і званнямі 237 чалавек (43,5%), 25 з якіх маюць навуковую ступень доктара навук. У 2004-2005 гг. структурнымі падраздзяленнямі ўніверсітэта сталі Аршанскі і Полацкі педагагічныя каледжы.
З 2000 г. ва ўніверсітэце працуе Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у складзе двух факультэтаў. Перападрыхтоўка ажыццяўляецца па 9 спецыяльнасцях. За гэты час прайшлі падрыхтоўку 1393 слухачы. У 2001 годзе ІПК і ПК прайшоў акрэдытацыю.
У гэты час ва ўніверсітэце працаваў спецыялізаваны Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці "Тэорыя і методыка навучання і выхавання" (выяўленчае мастацтва, чарчэнне, працоўнае навучанне).
У гэты час у склад структурных падраздзяленняў універсітэта ўваходзяць 11 факультэтаў, 44 кафедры. Кіраўніцтва ўніверсітэта складаецца з 65 чалавек, у тым ліку: рэктар, 7 прарэктараў (першы прарэктар, прарэктары па вучэбнай рабоце – на дзённым і завочным аддзяленнях, прарэктары па навуковай, выхаваўчай, адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце і па сацыяльна-эканамічных пытаннях, 11 дэканаў, намеснікаў дэканаў, 44 загадчыкі кафедраў. Навучанне ажыццяўляецца па 9 профілях адукацыі (Педагогіка; Педагогіка. Прафесійная адукацыя; Мастацтва і дызайн; Гуманітарныя навукі; Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне; Прыродазнаўчыя навукі; Экалагічныя навукі; Сацыяльная абарона; Фізічная культура. Турызм).
Універсітэт мае свой рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, у якім выдаюцца навучальныя дапаможнікі і метадычныя рэкамендацыі для школ і ВНУ. З 1996 г. выходзіць навуковы часопіс "Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта". А ў 2003 г. пачалося выданне "Вучоных запісак УА "ВДУ імя П.М. Машэрава". Ва ўніверсітэце выдаецца газета "Мы і час" агульным тыражом 1200 экз. Газета занесена ў падпісны каталог выданняў Рэспублікі Беларусь.
Інфармацыйна-бібліятэчнае забеспячэнне навучальнага працэсу і навукова-даследчай работы ажыццяўляецца сіламі бібліятэкі, фонд якой на 01.01.2003 г. склаў 528.583 экзэмпляры і 114000 назваў. Ва ўніверсітэце адкрыта чытальная зала замежных выданняў з фондам 13000 экзэмпляраў арыгінальнай літаратуры, зала для навуковых супрацоўнікаў, абсталяваны камп'ютарамі з выхадам у Інтэрнэт.
Вялікая ўвага ў гэты час надаецца развіццю традыцыйных сувязяў з навучальнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі: МДУ імя М.В. Ламаносава, Санкт-Пецярбургскім дзяржуніверсітэтам, Смаленскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам, Пскоўскім педагагічным інстытутам, Цвярскім універсітэтам, Маскоўскім фізіка-тэхнічным універсітэтам. Акрамя таго, універсітэт актыўна супрацоўнічае з Даўгаўпілскім універсітэтам і Рыжскай акадэміяй педагогікі і кіравання адукацыяй (Латвія), Беластоцкім і Зяленагурскім універсітэтамі (Польшча), Вышэйшай народнай школай імя Марарэнса ў Локкуме (ФРГ), Хух-Хатоскім педагагічным інстытутам (КНР).
У красавіку 2009 г. рэктарам Віцебскага дзяржуніверсітэта быў прызначаны доктар медыцынскіх навук, прафесар А.П. Саладкоў. Пачаўся новы этап развіцця ўніверсітэта. Развіваюцца яго міжнародныя сувязі – універсітэт мае дваццаць дзевяць падпісаных дамоў аб супрацоўніцтве з замежнымі навучальнымі і навуковымі ўстановамі, супрацоўнічае з універсітэтамі трох краін блізкага замежжа (Расія, Украіна, Малдова) і пяці краін дальняга замежжа (Латвія, Польшча, Канада, КНР, ФРГ). У 2009-2010 навучальным годзе на навучанне было прынята 68 замежных грамадзян, на дадзены момант ва ўніверсітэце навучаецца 167 грамадзян Азербайджана, Казахстана, КНР, Латвіі, Нігерыі, Расіі, Украіны, Таджыкістана, Туркменістана, Эстоніі (у 2008-2009 навучальным годзе навучалася 109). У верасні 2009 года ўніверсітэт падпісаў дамоў аб супрацоўніцтве з Хух-Хатоскім прафесійным інстытутам КНР аб падрыхтоўцы кітайскіх спецыялістаў па сістэме 3 + 3. На базе гэтага інстытута плануецца стварэнне Беларуска-кітайскага ўніверсітэта.
Пашыраецца выдавецкая дзейнасць універсітэта. У 2009 годзе выйшла ў свет 226 навуковых і вучэбных выданняў. З іх: манаграфій – 10, вучэбна-метадычных комплексаў, курсаў лекцый, вучэбна-метадычных дапаможнікаў, метадычных рэкамендацый, рэкамендацый, практыкумаў – 199, зборнікаў навуковых прац і матэрыялаў канферэнцый – 17.
Вучэбная і навуковая дзейнасць універсітэта шмат у чым забяспечваецца працай навуковай бібліятэкі ўніверсітэта, фонды якой складаюць больш за 600 тыс. экз. кніг.
З мэтай павышэння якасці адукацыйнага працэсу, інтэграцыі адукацыйнага працэсу, навукі і вытворчасці, выканання навуковых даследаванняў прыкладнога характару ва ўніверсітэце ствараюцца вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы. У 2009 г. ва ўніверсітэце створаны 7 вучэбна-навукова-вытворчых комплексаў і 4 вучэбна-навукова-кансультацыйныя цэнтры. У лютым 2010 года быў створаны навукова-інфармацыйна-метадычны цэнтр "Актуальныя праблемы сацыяльнай дапамогі і падтрымкі грамадзян (сем'яў) ва ўмовах цяжкай жыццёвай сітуацыі" сумесна з дзяржаўнай установай "Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна горада Віцебска". У гэты ж час былі створаны 4 вучэбна-навукова-кансультацыйныя цэнтры па павышэнні якасці адукацыі дзяцей і моладзі, удасканаленні навукова-метадычнага забеспячэння навучання і выхавання школьнікаў і студэнтаў, павышэнні кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы педагагічных кадраў на 2009-2010 гады.
У чэрвені 2010 года ва ўніверсітэце, уключаючы Аршанскі і Полацкі каледжы, сертыфікавана сістэма менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням стандарту СТБ ISO 9001-2009 (нацыянальная сістэма адпаведнасці) і DIN EN ISO 9001: 2008 (нямецкая сістэма акрэдытацыі). У 2013 годзе ўніверсітэт прайшоў паўторную сертыфікацыю сістэмы менеджменту якасці.
У 2011 годзе ўкаранёна сістэма кіравання аховай працы, якая адпавядае патрабаванням СТБ 18001-2009. У 2013 годзе ўніверсітэт паспяхова прайшоў інспекцыйны аўдыт па сістэме кіравання аховай працы.
Рашэннем Віцебскага аблвыканкама ад 20.12.2011 г. універсітэту прысуджана званне Лаўрэата Прэміі аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці ў намінацыі «Аказанне паслуг».
Універсітэт акрэдытаваны як навуковая арганізацыя (пасведчанне аб акрэдытацыі ад 30.06.2011 № 15).
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.02.2014 № 150 за ўкараненне высокаэфектыўных метадаў кіравання якасцю і забеспячэнне на гэтай аснове выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі (аказанне паслуг, выкананне работ) універсітэту прысуджана прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці 2013 года.
У сакавіку 2014 года на пасаду рэктара ВДУ імя П.М. Машэрава Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам узгоднены Аляксей Уладзіміравіч Ягораў. Да гэтага прызначэння ён працаваў у Полацкім дзяржаўным універсітэце дэканам юрыдычнага факультэта. Мае вышэйшую прафесійную адукацыю (спецыяльнасць "правазнаўства"), з'яўляецца кандыдатам юрыдычных навук, дацэнтам, членам савета Вучэбна-метадычнага аб'яднання па гуманітарнай адукацыі пры БДУ, а таксама ў Наваполацкай трацейскай палаце з'яўляецца старшынёй трацейскага суда з функцыямі вырашэння пытанняў па міжнародным прыватным праве і знешне-эканамічных кантрактах.
Сёння намаганні ўсяго калектыву накіраваны на тое, каб зрабіць Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт вядучым адукацыйным, навуковым і культурным цэнтрам Прыдзвіння.
У ВДУ імя П.М. Машэрава дыктоўку пісалі прадстаўнікі прарэктарскага корпусу, дэканы і іх намеснікі, загадчыкі кафедрамі, супрацоўнікі, выкладчыкі і студэнты. Па заканчэнні мерапрыемства некаторыя з іх падзяліліся сваімі ўражаннямі.
У Полацкім каледжы ВДУ імя П.М. Машэрава ёсць цікавая традыцыя: на працягу пяці гадоў напярэдадні Дня настаўніка выкладчыкі і навучэнцы каледжа разам пішуць Вялікую дыктоўку. За гэты час у акцыі прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек!
З 11 па 15 снежня на факультэце гуманітарыстыкі і моўных камунікацый праходзіў традыцыйны Фестываль беларускага слова. Адкрыла фестываль святочная праграма, падчас якой у гледачоў была выдатная мажлівасць пазнаёміцца з легендай пра чароўны камень Мемарэт.
3 лістапада ў выставачнай зале Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва адкрылася выстава «Аляксандр Карпан (1953-2016). Adagio. Акварэль», прымеркаваная да 70-годдзя з дня нараджэння мастака. Аляксандр Карпан выкладаў на мастацка-графічным факультэце ВДУ.
З 90-гадовым юбілеем Віктара Ніканавіча Вінаградава павіншаваў Ганаровы прафесар ВДУ імя П.М. Машэрава, Ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў, выпускнік мастацка-графічнага факультэта Уладзімір Іванавіч Пракапцоў.
11-га кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбыўся круглы стол, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Галуза Іларыён Віктаравіч, дацэнт кафедры інжынернай фізікі, прыняў удзел у мерапрыемстве.
6-га кастрычніка ў выставачнай прасторы Суражскай сярэдняй школы імя М.П.Шмырова адбылося адкрыццё выставы дыпломных работ студэнтаў мастацка-графічнага факультэта, кафедры выяўленчага мастацтва пад назвай «Шляхі да творчасці».
13-га верасня адміністрацыя, супрацоўнікі, выкладчыкі і студэнты ВДУ імя П.М. Машэрава далучыліся да рэспубліканскай акцыі і на роднай мове напісалі дыктоўку, прымеркаваную да Дня народнага адзінства.
7-га верасня ў галерэі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё персанальнай выставы вядомага беларускага мастака, прафесара кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі ВДУ Вячаслава Шамшура.
Адрас: 210038, г. Витебск, пр-т. Маскоўскі, 33.
Тэлефон: +375 (212) 37-49-59 (Прыёмная)
Факс: +375 (212) 37-49-59
E-mail: info@mail-vsu.by