28 кастрычніка ў Полацкай мастацкай галерэі адкрылася выстава мастацкага праекта вядомай беларускай мастачкі Таццяны Макляцовай пад назвай “Тэкстыльная вегетацыя” (куратар – М. Цыбульскі). Дадзены праект упершыню быў прадстаўлены год таму ў Аршанскай галерэі імя В. Грамыкі, у абноўленай версіі ў гэтым годзе з ім могуць пазнаёміцца і полацкія гледачы.
Таццяна Макляцова з 1993 года вядзе актыўную творчую дзейнасць, удзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выставачных праектах. У 2017 годзе Макляцова стала лаўрэатам (І месца) ІІІ Беларускай трыенале ДПМ, а ў 2019 – заваявала Гран-пры IV Беларускай трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (сумесна з С. Баранкоўскай). З 2019 года з’яўляецца старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз мастакоў».
Творам Т. Макляцовай уласцівы эмацыянальная выразнасць, складаная структура вобразнасці, асаблівая ўвага рытмічна-пластычным характарыстыкам, фактуры мастацкай паверхні, вольная гульня з тэхнікамі і тэхналогіямі, выкарыстанне нетрадыцыйных для ткацтва матэрыялаў (будаўнічая сетка, паліэтылен, газетная папера і інш.).
Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства